Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/8

Гэта старонка не была вычытаная

II

Гісторыя арыштанткі Маславай была вельмі звычайнай гісторыяй. Маслава была дачка незамужняй дваровай жанчыны, якая жыла са сваёй маткай-скотніцай на вёсцы ў двух сясцёр-паненак памешчыц. Незамужняя жанчына гэта раджала кожны год, і, як гэта звычайна робіцца на вёсках, дзіцёнка хрысцілі, і потым маці не карміла нежаданага, непатрэбнага дзіцёнка, які толькі перашкаджаў рабоце, і ён хутка паміраў з голаду.

Так памерла пяць дзяцей. Усіх іх хрысцілі, потым не кармілі, і яны паміралі. Шосты дзіцёнак, прыжыты ад праезджага цыгана, была дзяўчынка, і лёс яе быў-бы гэткім самым, але здарылася так, што адна з двух старых паненак зайшла ў скотную, каб зрабіць вымову скотніцам за сліўкі, ад якіх пахла каровай. У скотнай ляжала радзільніца з прыгожым здаровым дзіцёнкам. Старая паненка зрабіла вымову і за сліўкі, і за тое, што пусцілі радзільніцу ў скотную, і хацела ўжо ісці, але, убачыўшы дзіцёначка, расчулілася каля яго і вызвалася быць яго хроснай маці. Яна і ахрысціла дзяўчынку, а потым, шкадуючы сваёй хрэсніцы, давала маці малака і грошай, і дзяўчынка асталася ў жывых. Старыя паненкі так і называлі яе „выратаванай“.

Дзіцёнку было тры гады, калі маці яе захварэла і памерла. Бабка-скотніца не мела вялікай ахвоты гадаваць унучку, і тады старыя паненкі ўзялі дзяўчынку да сябе. Чорнавокая дзяўчынка вышла незвычайна жваваю і прыгожанькай, і старыя паненкі ўцяшаліся ёю.

Старых паненак было дзве: меншая, дабрэйшая — Соф‘я Іванаўна, яна і хрысціла дзяўчынку, і старэйшая, больш суровая — Мар‘я Іванаўна. Соф‘я Іванаўна прыбірала, вучыла дзяўчынку чытаць і хацела зрабіць з яе выхаванку. Мар‘я Іванаўна казала, што з дзяўчынкі трэба зрабіць работніцу, добрую пакаёўку, і таму шмат ад яе патрабавала, ушчувала і нават біла дзяўчынку, калі бывала не ў гумары. Так паміж двух уплываў з дзяўчынкі, калі яна вырасла, вышла поўпакаёўка, поўвыхаванка. Яе і звалі так сярэднім імем — не Кацька і не Каценька, а Кацюша. Яна шыла, прыбірала