яго ад заражэння, агарадзіце нявінныя, моцныя элементы гэтага грамадства ад заражэння і часта пагібелі.
І нібы сам узрушаны значнасцю той пастановы, якую павіней зрабіць суд, таварыш пракурора, як відаць, цалкам захоплены сваёй прамовай, апусціўся на сваё крэсла.
Сэнс яго прамовы, калі адкінуць кветкі красамоўства, быў той, што Маслава загіпнатызавала купца, скарыстаўшы яго даверлівасць, і, прыехаўшы ў нумар з ключом за грашыма, хацела сама ўсё ўзяць сабе, але, будучы злоўлена Сімонам і Еўфіміяй, павінна была падзяліцца з імі. Пасля-ж гэтага, каб захаваць сляды свайго злачынства, прыехала зноў з купцом у гасцініцу і там атруціла яго.
Пасля прамовы таварыша пракурора з лавы адваката ўстаў сярэдніх год чалавек у фраку, з шырокім поўкругам белых накрухмаленых грудзей, і жвава сказаў прамову ў абарону Карцінкіна і Бачковай. Гэта быў наняты імі за 300 рублёў прысяжны павераны. Ён апраўдваў іх абодвух і ўскладаў усю віну на Маславу.
Ён адмаўляў паказанне Маславай аб тым, што Бачкова і Карцінкін былі з ёю разам, калі яна брала грошы, настойваючы на тым, што паказанне яе, як выкрытай атрутніцы, не можа мець вагі. Грошы, 2500 рублёў, гаварыў адвакат, гэтыя працавітыя сумленныя людзі маглі зарабіць, бо яны атрымлівалі часам па 3 і 5 рублёў за дзень ад наведвальнікаў. Грошы-ж купца былі пакрадзены Маславай і каму-небудзь пераданы або нават згублены, бо яна была не ў нармальным становішчы. Атручэнне зрабіла адна Маслава.
Таму ён прасіў прысяжных прызнаць Карцінкіна і Бачкову невінаватымі ў пакражы грошай; а калі-б яны і прызналі іх вінаватымі ў пакражы, дык без удзелу ў атручэнні і без уперад складзенага намеру.
У заключэнне адвакат, каб дасадзіць таварышу пракурора, заўважыў, што бліскучыя выказванні пана таварыша пракурора аб спадчыннасці, хаця і растлумачваюць навуковыя пытанні спадчыннасці, у гэтым выпадку недарэчы, бо Бачкова — дачка невядомых бацькоў.