Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/81

Гэта старонка не была вычытаная

Таварыш пракурора сярдзіта, нібы агрызаючыся, нешта запісаў у сябе на паперы і з пагардлівым здзіўленнем павёў плячамі.

Потым устаў абаронца Маславай і нясмела, запінаючыся, пачаў сваю прамову. Не адмаўляючы таго, што Маслава прымала ўдзел у пакражы грошай, ён толькі настойваў на тым, што яна не мела намеру атруціць Смелькова, а дала парашок толькі для таго, каб ён заснуў. Хацеў ён падпусціць красамоўства, зрабіўшы агляд таго, як Маслава была ўцягнута ў распуснае жыццё мужчынай, які астаўся непакараным, тымчасам як яна павінна была несці ўвесь цяжар свайго праграшэння, але гэта экскурсія ў галіну псіхалогіі атрымалася недарэчнай, так што ўсім было сорамна. Калі ён мармытаў аб жорсткасці мужчын і бездапаможнасці жанчын, дык старшыня, жадаючы дапамагчы яму, папрасіў яго трымацца бліжэй да сутнасці справы.

Пасля гэтага адваката зноў устаў таварыш пракурора і, абараніўшы сваё палажэнне аб спадчыннасці супроць першага адваката тым, што калі Бачкова і дачка невядомых бацькоў, дык ісціннасць закона спадчыннасці гэтым ніколькі не інвалідуецца, бо закон спадчыннасці настолькі ўстаноўлены навукай, што мы не толькі можам выводзіць злачынства са спадчыннасці, але і спадчыннасць са злачынства.

— Што-ж датычыцца меркавання абаронцы аб тым, што Маславу зрабіў распуснай выабражальны (ён з асаблівай іроніяй сказаў: выабражальны) спакуснік, дык усе даведкі гавораць за тое, што яна была спакусніцай шматлікіх ахвяр, якія прайшлі праз яе рукі. Сказаўшы гэта, ён пераможна сеў.

Потым прапанавана было падсудным апраўдвацца.

Еўфімія Бачкова паўтарала тое, што яна нічога не ведала і ні ў чым не ўдзельнічала, і ўпарта паказвала, як на вінаватую ва ўсім, на Маславу. Сімон толькі паўтарыў некалькі разоў:

— Воля ваша, а толькі бязвінна, дарэмна.

Маслава-ж нічога не сказала. На прапанову старшыні сказаць тое, што яна мае ў сваю абарону, яна толькі падняла на яго вочы, азірнулася на ўсіх, як зацкаваны звер, і адразу-ж апусціла іх і заплакала, гучна ўсхліпваючы.