мог спыніцца, і таму падрабязна тлумачыў прысяжным, што калі яны знойдуць падсудных вінаватымі, дык маюць права прызнаць іх вінаватымі, калі знойдуць іх невінаватымі, дык маюць права прызнаць іх невінаватымі; калі знойдуць іх вінаватымі ў адным, але невінаватымі ў другім, дык могуць прызнаць іх вінаватымі ў адным, але невінаватымі ў другім. Потым ён растлумачыў ім яшчэ тое, што, не гледзячы на тое, што права гэта дадзена ім, яны павінны карыстацца ім разумна. Хацеў ён яшчэ растлумачыць ім, што калі на пастаўленае пытанне дадуць адказ станоўчы, дык гэтым адказам яны прызнаюць усё тое, што пастаўлена ў пытанні, і што калі яны не прызнаюць усяго, што пастаўлена ў пытанні, дык павінны заўважыць тое, чаго не прызнаюць. Але ён зірнуў на гадзіннік і, убачыўшы, што ўжо без пяці мінут тры, парашыў адразу-ж перайсці да выкладання справы.
— Акалічнасці справы гэтай наступныя, — пачаў ён і паўтарыў усё тое, што некалькі разоў ужо было гаворана і абаронцамі, і таварышом пракурора, і сведкамі.
Старшыня гаварыў, а па баках яго члены з глыбокадумным выглядам слухалі і часам пазіралі на гадзіннікі, знаходзячы яго прамову хаця і вельмі добрай, гэта значыць такой, якой яна павінна быць, але крыху даўгаватай. Таксама думаў і таварыш пракурора, як і ўсе наогул судовыя службоўцы і ўсе, хто быў у зале. Старшыня скончыў рэзюме.
Здавалася, усё было сказана. Але старшыня ніяк не мог разлучыцца са сваім правам гаварыць — гэтак яму прыемна было слухаць паважныя інтанацыі свайго голаса — і знайшоў патрэбным яшчэ сказаць некалькі слоў аб важнасці таго права, якое дадзена прысяжным, і аб тым, як яны павінны з увагай і асцярожнасцю карыстацца гэтым правам і не злоўжываць ім, аб тым, што яны прымалі прысягу, што яны — сумленне грамадства, і што тайна дарадчага пакоя павінна быць свяшчэннай і т. д. і т. д.
З таго часу, як старшыня пачаў гаварыць, Маслава, не зводзячы вачэй, пазірала на яго, нібы баючыся прапусціць кожнае слова, а таму Нехлюдаў не баяўся сустрэцца з яе вачыма і безупынна глядзеў на яе. І ў яго ўяўленні адбыва-