— Ніколі не паверу, — закрычаў добрадушны купец, — а ўсё гэта шэльма чырвонавокая нашкодзіла.
— Усе добрыя, — сказаў палкоўнік.
— Але-ж яна гаворыць, што не ўваходзіла ў нумар.
— А вы больш давайце ёй веры. Я гэтай падле ніколі ў жыцці не паверыў-бы.
— Дык што-ж, гэтага мала, што вы не паверылі-б, — сказаў прыказчык.
— Ключ у яе быў.
— Што-ж, калі ў яе? — супярэчыў купец.
— А пярсцёнак?
— Ды яна-ж казала, — зноў закрычаў купец, — купчына карахцерны, ды яшчэ выпіўшы, адлупцаваў яе. Ну, а потым, канешне, пашкадаваў. На, маўляў, не плач. Чалавек не маленькі: чуў, мабыць, што 13 вяршкоў, пудоў відаць з восем.
— Не ў тым справа, — перабіў Пётр Герасімавіч, — галоўнае вось што: ці яна падгаварыла і пачала ўсю справу, ці прыслуга?
— Не можа прыслуга адна зрабіць. Ключ у яе быў.
Нескладная размова цягнулася даволі доўга.
— Дык дазвольце, панове, — сказаў старшыня, — сядзем за стол і абмяркуем. Калі ласка, — сказаў ён і сеў на старшынскае месца.
— Ну, і паскудніцы гэтыя дзеўкі, — сказаў прыказчык і, каб пацвердзіць думку аб тым, што галоўная віноўніца Маслава, расказаў, як адна гэтакая ўкрала на бульвары гадзіннік у яго таварыша.
Палкоўнік з гэтай прычыны пачаў расказваць пра яшчэ больш дзіўны выпадак пакражы срэбранага самавара.
— Панове, прашу па пытаннях, — сказаў старшыня, пастукваючы алоўкам па стале.
Усе змоўклі. Пытанні гэтыя былі аформлены гэтак:
1) Ці вінаваты селянін сяла Боркаў, Крапівенскага павета, Сімон Пятроў Карцінкін, 33 год, у тым, што 17-га студзеня 188* года ў горадзе N, задумаўшы забіць купца Смелькова з мэтай абрабавання яго, у згодзе з іншымі асобамі, даў яму ў кан‘яку атруты, што мела вынікам смерць