ў яго галаве. І яму зрабілася сумна і ўсё здалося панурым. „Не, гэта я абмяркую потым, — сказаў ён сабе, — а цяпер, наадварот, трэба крыху забавіцца пасля цяжкіх уражанняў“.
Ён успомніў пра абед Карчагіных і зірнуў на гадзіннік. Было яшчэ няпозна, і ён мог паспець к абеду. Міма званіла конка. Ён пабег і ўскочыў на яе. На плошчы ён саскочыў, узяў добрага рамізніка і праз дзесяць мінут быў каля ганка вялікага дома Карчагіных.
XXVI
— Калі ласка, ваша сіяцельства, чакаюць, — сказаў ласкавы гладкі швейцар вялікага дома Карчагіных, адчыняючы дубовыя дзверы пад‘езда, якія бязгучна рухаліся на англійскіх петлях. — Кушаюць, толькі вас загадалі прасіць.
Швейцар падышоў да сходняў і пазваніў наверх.
— Хто-небудзь ёсць? — запытаў Нехлюдаў, распранаючыся.
— Пан Коласаў ды Міхаіл Сяргеевіч, а то ўсё свае, — адказаў швейцар.
Са сходняў зірнуў прыгожы лёкай у фраку і белых пальчатках.
— Калі ласка, ваша сіяцельства, — сказаў ён. — Загадана прасіць.
Нехлюдаў узышоў на сходні і па знаёмай раскошнай і вялікай зале прайшоў у сталовую. У сталовай за сталом сядзела ўся сям‘я, за выключэннем маці, княгіні Соф‘і Васільеўны, якая ніколі не выходзіла з свайго габінета. Уверсе стала сядзеў стары Карчагін; побач з ім, з левага боку, доктар, з другога — госць Іван Іванавіч Коласаў, ранейшы губернскі прадвадзіцель, цяпер член праўлення банка, ліберальны таварыш Карчагіна; потым з левага боку — miss Рэдэр, гувернантка маленькай сястры Міссі, і сама чатырохгадовая дзяўчынка; з правага, насупраць — брат Міссі, адзіны сын Карчагіных, гімназіст VI класа, Пеця, для якога ўся сям‘я, чакаючы яго экзаменаў, аставалася ў горадзе, яшчэ студэнт-рэпетытар; потым злева — Кацярына Аляксееўна, сара-