Старонка:Вежа (1928).pdf/20

Гэта старонка была вычытаная



Вось доля наша,
чорная і злая:
ў самоце Вільня,
ў жальбе Беласток…
Апякуны з Варшавы —
мы іх знаем,
чый кожны зірк прадажны, кожны крок!..

Мы з году ў год
з убогіх ураджаяў
за сьмерць і за жыцьцё плацілі чынш.
Каму, каму мы ніў сваіх ня жалі,
апякуноў над намі — хто-б зьлічыў?

Пракляцьце ім,
наезьнікам варожым,
пракляцьце ім —
разгульным і ліхім.
Мы долю гэткую іх ўнукам наварожым
за бацькавы, за дзедавы грахі.

Дні скрыжаваліся
з пакутай і зьнямогай…
Надыйдзе дзень
і пераможам мы.
О, гарапашнікаў мяцежныя дарогі,
дзе звон штыкоў і надмагільны жвір!


14