Ці-ж мы адны, ці-ж мы адны у полі?..
Над намі ноч,
за намі
дзікі гнеў.
Мы ворагам дары не панясём ў прыполе,
нам вораг сьпіны не сагне.
Няхай ідуць,
няхай нажы гатуюць.
Наш шлях адзін:
заводы і палі.
За будучыну нашу залатую,
ня шкода нам
мінуўшчыну спаліць.
Жыве краіна наша дарагая —
ці-ж напужае нас
зьмяіны шып і сьвіст?..
Зара пунсовая над гаем дагарае
і бронзаю зьвініць
з бярозы белай ліст.
|