Старонка:Вершы (Трус, 1925).pdf/43

Гэта старонка не была вычытаная

∗     ∗

Ня шумяць ў сенажацях ракіты,
Ня кудзеліцца шоўкам туман, —
То красуецца жарам абліты
Над пракосамі дзеўчыны стан.

Растрасаюць мурог маладзіцы,
Дні мінулага помняць яны;
Як у „Жморах“ сушылі травіцу,
А над імі стаялі паны.

Сёньня з вамі на красках-пракосах,
Абніму, расцалую вясну!..
Расчашу над грабелькамі косы
І часінку ля коп аддыхну!


∗     ∗

Ой, ня гнецца над рэчкай каліна,
Не сьпявае ў гаі салавей, —
То пяе маладая дзяўчына:
Аддыхнулі і ў даль весялей!..

Завіномся, красуні-дзяўчаткі,
Калі сэрца агнём паланее,
Зложым сена і пойдзем да хаткі,
Як калісьці хадзілі пазьней.