Рэдрэт пакінуў свой пост у калідоры і скочыў у лодку. Мы падвялі яе да другога борта, каб узяць капітана Смолета.
— Хлопцы, — гучна крыкнуў ён, — вы чуеце мяне?
З кубрыка ніхто не адказаў.
— Я звяртаюся да цябе, Абрагэм Грэй.
Маўчанне.
— Грэй, — працягваў містэр Смолет, узняўшы голас, — я пакідаю карабль і загадваю табе ісці за тваім капітанам. Я ведаю, што, па сутнасці, ты чалавек добры, ды і астатнія ўжо не такія дрэнныя, як стараюцца здавацца такімі. У мяне ў руцэ гадзіннік. Даю табе трыццаць секунд на тое, каб далучыцца да мяне.
Стварылася збянтэжанасць.
— Ідзі-ж, мой друг, — працягваў капітан. — Не прымушай нас траціць час дарма. Кожная-ж хвіліна маруджання пагражае смерцю і мне і гэтым джэнтльменам.
Пачалася глухая барацьба, пачуліся гукі ўдараў, і на палубу выскачыў Абрагэм Грэй. Шчака яго была парэзана нажом. Ён падбег да капітана, як сабака, якой свіснуў гаспадар.
— Я з вамі, сэр, — сказаў ён.
Яны абодва саскочылі ў шлюпку, і мы адчалілі.
Карабль быў пакінуты. Але да частакола мы яшчэ не дабраліся.
Раздзел ХVII
ДОКТАР ПРАЦЯГВАЕ СВОЙ РАСКАЗ. АПОШНІ ПЕРАЕЗД У ЧОЎНЕ
Гэты апошні — пяты — пераезд скончыўся не так добра як ранейшыя. Па-першае, наша маленькая лодачка была вельмі перагружана. Пяцёра дарослых мужчын ды прытым трое з іх — Трэлоўні, Рэдрэт і капітан ростам вышэй шасці футаў — гэта ўжо не так мала. Дадайце да гэтага порах, свініну, мяшкі з сухарамі. Нядзіўна, што карма ледзь узнімалася над узроўнем вады. Нас час ад часу крыху залівала. Не паспелі мы ад'ехаць на сотню ярдаў, як мае штаны і полы камзола прамоклі наскрозь.