Пасёлка ад нас не было відаць, але знаходзіўся ён недалёка, за некалькі сот ярдаў ад нас, на процілеглым беразе суседняй бухты. Мяне вельмі падбадзёрвала адчуванне, што сляпы жабрак, калі вышаў з нашага дому, накіраваўся ў другі бок. Ішлі мы нядоўга, хоць часам спыняліся, прыслухоўваліся. Але навокал былі звыклыя гукі: гудзеў прыбой, ды кракалі ў лесе вароны.
У пасёлку ўжо запалілі свечы, і іх жаўтаватае святло ў дзвярах і вокнах супакоіла нас. Але толькі ў гэтым і была ўся дапамога, якой нам давялося там дабіцца. На сорам ім, ні адзін з жыхароў вёскі не згадзіўся пайсці з намі ў „Адмірал Бенбоў“.
Чым больш гаварылі мы аб нашых трывогах, тым мацней гэтыя людзі туліліся да сваіх кутоў. Імя капітана Флінта, мне да таго часу незнаёмае, было добра вядома шмат каму з іх і наводзіла на іх жах. Некаторыя ўспомнілі, як аднойчы, працуючы ў полі недалёка ад „Адмірала Бенбоў“, убачылі на дарозе нейкіх падазроных людзей. Незнаёмыя здаліся ім кантрабандыстамі, і яны паспяшаліся дадому, каб мацней зачыніць свае дзверы. Нехта нават бачыў невялічкі карабль у бухце, што называлася Логава Кіта. Таму адно спамінанне аб капітанавых прыяцелях прымушала іх дрыжэць. Знаходзіліся смельчакі, якія згаджаліся з'ездзіць па доктара Лівсі, які жыў у другім баку, але ніхто не хацеў прыняць удзелу ў ахове карчмы.
Кажуць, што баязлівасць заразліва. Але спрэчкі і пярэчанні, наадварот, могуць надаць чалавеку храбрасці. Калі ўсе адмовіліся ісці разам з намі, маці заявіла, што ні ў якім разе не хоча страціць грошы, якія належаць яе асірацеўшаму сыну.
— Вы можаце палохацца колькі вам падабаецца, — сказала яна, — мы з Джымам не баязлівага дзесятка. Мы вернемся той-жа дарогай, якой прышлі. Мала гонару вам, дужым і шырокаплечым мужчынам з душамі, як у куранят. Мы адчынім гэтую скрынку, хоць-бы давялося памерці праз яе. Я буду вельмі ўдзячна, місіс Крослі, калі вы дазволіце мне ўзяць вашу торбачку, каб прынесці ў ёй грошы, што належаць мне паводле закона.