скончыць. І ніхто не здзівіўся і не засмуціўся, калі аднойчы, ў цёмную бурную ноч ён знік з карабля.
— Зваліўся за борт! — парашыў капітан. — Што-ж, джэнтльмены, гэта пазбавіла нас ад неабходнасці закуваць яго ў кандалы.
Такім чынам мы засталіся без штурмана. Трэба было вылучыць на гэтую пасаду каго-небудзь з каманды. Быў абраны боцман Джон Эндэрсон. Яго па-ранейшаму называлі боцманам, але выконваў ён абавязкі штурмана.
Містэр Трэлоўні, які шмат вандраваў і добра ведаў мора, таксама спатрэбіўся ў гэтай справе — ён стаяў у добрае надвор'е на вахце. Другі боцман, Ізраэль Гэндс, быў старанны, стары, спрактыкаваны марак, якому можна было даручыць любую работу.
Ён, між іншым, вельмі дружыў з Доўгім Джонам Сільверам, і паколькі ўжо я спамянуў імя Сільвера, давядзецца расказаць пра яго больш падрабязна.
Матросы называлі яго Кумпяком. Ён прывязваў свой кастыль рэмянем да шыі, каб рукі ў яго былі вольныя. Варта было паглядзець, як ён, упіраючыся кастылём у сцяну, зусім не адчуваючы качкі, варыў ежу, быццам знаходзіўся на цвёрдай зямлі. Яшчэ цікавей было бачыць, як зручна і хутка прабягаў ён у бурную пагоду па палубе, хапаючыся за канаты, спушчаныя ў найбольш шырокіх месцах. Гэтыя канаты называліся ў матросаў „завушніцы Доўгата Джона“. І на хаду ён то трымаўся за гэтыя завушніцы, то скарыстоўваў кастыль, то цягнуў яго за сабой на рамяні.
Усе-ж матросы, якія плавалі з ім раней, вельмі шкадавалі, што ён ужо не той, якім быў.
— Наш Кумпяк не просты чалавек, — казаў мне другі боцман. — Калі ён быў малады, ён быў школярам і, калі захоча, можа размаўляць як кніжка. А які ён храбры! Леў перад ім нішто, перад нашым Доўгім Джонам. Я сам бачыў, як на яго, бяззбройнага, напалі ў чатырох, а ён схапіў іх і стукнуў галовамі вось так, ён, бяззбройны калека.
Уся каманда адносілася да яго з пашанай і нават падначальвалася яго загадам. З кожным ён умеў пагутарыць, кожнаму ўмеў дагадзіць. Са мной ён заўсёды быў асабліва