у каюту выпіць за ваша здароўе і за вашую ўдачу, а вам тут дадуць грогу, каб вы маглі выпіць за наша здароўе і за нашую ўдачу. Калі вы хочаце ведаць маю думку, я скажу, што сквайр, частуючы нас, паступіў вельмі прыязна. Прапаную крыкнуць у гонар яго „ура“.
Нічога не было дзіўнага ў тым, што ўсе закрычалі „ура“. Але прагучэла яно так сардэчна і дружна, што, прызнаюся, я ледзь мог у тую хвіліну паверыць, што гэтыя самыя людзі рыхтуюцца ўсіх нас забіць.
— Ура капітану Смолету! — крыкнуў Доўгі Джон, калі першае „ура“ змоўкла.
І зараз „ура“ было дружна падхоплена ўсімі.
Калі агульная вясёласць была ў поўным разгары, тры джэнтльмены спусціліся ў каюту.
Крыху пачакаўшы яны паслалі паклікаць Джыма Гоўкінса.
Калі я ўвайшоў, яны сядзелі навокал стала. Перад імі стаяла бутэлька іспанскага віна і талерка з ізюмам.
Доктар курыў, трымаючы свой парык на каленах, а гэта, як я ведаў, азначала, што ён вельмі хвалюецца. Кармавое акно было адчынена, таму што ноч была цёплая. Паласа месячнага святла ляжала ззаду карабля.
— Ну, Гоўкінс, — сказаў сквайр, — ты хацеў нам нешта паведаміць. Кажы.
Я коратка перадаў ім усё, што чуў, седзячы ў бочцы. Яны не перабівалі мяне, пакуль я не скончыў; яны не варушыліся, яны не адрывалі вачэй ад майго твара.
— Джым, — сказаў доктар Лівсі, — сядай.
Яны пасадзілі мяне за стол, далі мне шклянку віна, насыпалі мне ў далонь ізюму, і ўсе трое, па чарзе, з паклонам выпілі за маё здароўе, за маё шчасце і за маю адвагу.
— Так, капітан, — сказаў сквайр. — Вы былі правы, а я памыляўся. Прызнаю сябе аслом і чакаю вашых распараджэнняў.
— Я такі-ж асёл, сэр, — запярэчыў капітан. — Першы раз я бачу каманду, якая рыхтуецца да бунту, а захоўвае сябе паслухмяна і прыкладна. З другой каманды я даўно аб