і як быццам маеш сумленне. Прынамсі, цябе ніхто не лічыць за машэнніка. У цябе ёсць грошы… многа грошай… больш, чым у іншых маракоў. І прытым-жа ты не трус. Дык вытлумач мне, калі ласка, чаму ты звязваешся з гэтымі агіднымі швабрамі. Не, ты не можаш быць з імі разам. Я лепш дам адсячы сабе руку… але доўгу свайму не здраджу.
Раптоўны шум прарваў яго. Нарэшце я знайшоў такі аднаго сумленнага марака — і ў той-жа час да мяне даляцела вестка аб другім сумленным мараку. Далёка за балотам раздаўся гнеўны, прарэзлівы крык, пасля другі і затым жахлівы лямант. Водгулле ў скалах Падзорнай Трубы паўтарыла яго некалькі разоў. Уся армія балотных птушак зноў узляцела ў вышыню і засланіла ўсё неба. Доўга яшчэ гэты прадсмяротяы лямант гучэў у маіх вушах, хоць навокал зноў запанавала цішыня, якая парушалася толькі хлопаннем крылляў асядаючай зграі птушак і воддальным грукатам прыбоя.
Том здрыгануўся, як прышпораны конь. Але для Сільвера быццам нічога не здарылася. Ён стаяў, апіраючыся на кастыль, і глядзеў на свайго субяседніка, як гадзюка, гатовая ўкусіць.
— Джон! — сказаў марак, працягваючы да яго руку.
— Рукі прэч! — закрычаў Сільвер, адскочыўшы на крок з хуткасцю і зручнасцю акрабата.
— Добра, Джон Сільвер, я вазьму рукі прэч, — сказаў марак. — Але, сапраўды, толькі нячыстае сумленне прымушае цябе баяцца мяне. Упрашваю цябе, вытлумачы мне што там здарылася?
— Што здарылася? — перапытаў яго Сільвер. Ён усміхнуўся, але не так шырока, як заўсёды, і яго вочы на вялізным твары зрабіліся маленькімі, як канцы іголак, і заблішчэлі, як шкелкі. — Што здарылася? Па-мойму гэта Алан.
Няшчасны Том звярнуўся да яго са шчырай адвагай.
— Алан! — усклікнуў ён. — Вечны спакой яму, ён памёр, як сапраўдны марак! А ты, Джон Сільвер… Мы доўга былі з табой таварышамі, але зараз ужо гэтаму не быць, Няхай я