Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/118

Гэта старонка не была вычытаная

гаварыць буду, толькі і вы будзьце са мною шчырым; а я вам заўсёды буду гаварыць праўду, даю вам чэснае слова… Гэта «чэснае слова» зноў прымусіла мяне засмяяцца.

— Ах, не смейцеся, — жвава прагаварыла яна: — а то я вам скажу сёння тое, што вы мне сказалі ўчора: «чаго вы смяецеся?» — і памаўчаўшы крыху, яна дадала: — Памятаеце, вы ўчора гаварылі аб крыллях?.. Крыллі ў мяне выраслі — ды ляцець няма куды.

— Ды што вы, — сказаў я: — перад вамі ўсе шляхі адкрыты.

Ася паглядзела мне проста і ўважліва ў вочы.

— Вы сёння дрэннай думкі аба мне, — сказала яна, нахмурыўшы бровы.

— Я? дрэннай думкі? аб вас!..

— Што гэта вы нібы ў ваду апушчаныя, — перапыніў мяне Гагін! — хочаце, я як учора, сыграю вам вальс?

— Не, не — запярэчыла Ася і сціснула рукі: — сёння ні ў якім разе!

— Я цябе не прымушаю, супакойся…

— Ні ў якім разе, — паўтарыла яна, бляднеючы.

....................

«Няўжо яна мяне кахае?» — думаў я, падыходзячы да Рэйна, які шпарка каціў свае цёмныя воды.

ХIIІ

«Няўжо яна мяне кахае?» — пытаўся я ў сябе ў наступны дзень, толькі што прачнуўшыся. — Я не хацеў заглядваць у самога сябе. Я адчуваў, што яе вобраз, вобраз «дзяўчыны з вымушаным смехам», уцясніўся мне ў душу і што мне прыдзецца доўга яго насіць. — Я пайшоў у Л. і застаўся там цэлы дзень; але Асю бачыў толькі мелькам. Ёй нездаровілася: у яе балела галава. Яна сышла ўніз, на хвілінку, з павязаным ілбом, бледная, худзенькая, з амаль заплюшчанымі вачыма; слаба ўсміхнулася, сказала: — гэта пройдзе, гэта нічога; усё пройдзе, праўда? — і пайшла.

— Мне стала нудна і неяк сумна-пуста; я, аднак, доўга не хацеў адыходзіць і вярнуўся позна, не ўбачыўшы яе больш.

Наступная раніца прайшла ў нейкім поўсне свядомасці. Я хацеў узяцца за работу — не мог; хацеў нічога не рабіць і не думаць… і гэта не ўдалося. Я блукаў па горадзе; вяртаўся дадому, выходзіў зноў.