Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/122

Гэта старонка не была вычытаная

— Ад фрэйлен Annette, — сказаў ён шэптам і падаў мне другую запіску.

Ася паведамляла мне аб перамене месца нашага спаткання. Я павінен быў прыйсці праз паўтары гадзіны не да капліцы, а ў дом Фраў Луізе, пастукаць унізе і зайсці на трэці паверх.

— Зноў: так? — запытаўся ў мяне хлопчык.

— Так, — паўтарыў я і пайшоў па беразе Рэйна. Вярнуцца дадому не было калі, я не хацеў блукаць па вуліцах. За гарадской сцяной быў маленькі сад з навесам для кегляў і сталамі для аматараў піва. Я ўвайшоў туды. Некалькі ўжо стараватых немцаў гулялі ў кеглі, са стукам каціліся драўляныя шары, зрэдку чуліся пахвальныя воклічы. Прыгожанькая служанка з заплаканымі вачыма прынесла мне куфель піва; я зірнуў ёй у твар. Яна хутка адвярнулася і адышла.

— Так, так, — прагаварыў тоўсты і чырвонашчокі грамадзянін, які тут сядзеў: — Ганхен наша сёння надта засмучана: — жаніх яе пайшоў у салдаты. — Я паглядзеў на яе: яна прытулілася ў куток і падперла рукою шчаку, слёзы капалі адна за другой па яе пальцах. Хтосьці папрасіў піва, яна прынесла яму куфель і зноў вярнулася на сваё месца. Яе гора падзейнічала на мяне, я пачаў думаць аб чакаўшым мяне спатканні, але мае думы былі клапатлівыя, невясёлыя думы. Не з лёгкім сэрцам ішоў я на гэта спатканне; не аддавацца радасцям узаемнага кахання прадстаяла мне: мне прадстаяла стрымаць дадзенае слова, выканаць цяжкі абавязак. «З ёю жартаваць нельга» — гэтыя словы Гагіна, як стрэлы, упіліся ў маю душу. А яшчэ чатыры дні таму назад у гэтай лодцы, якую неслі хвалі, ці не мучыўся я ад прагнасці шчасця? Яно стала магчымым — і я хістаўся, я адштурхваў, я павінен быў адштурхнуць яго ад сябе… Яго раптоўнасць мяне бянтэжыла. Сама Ася, з яе гарачай галавой, з яе мінулым, з яе выхаваннем, гэта прывабная, але нейкая дзіўная істота — прызнаюся, яна мяне палохала. Доўга змагаліся ва мне пачуцці. Назначаны тэрмін набліжаўся. — «Я не магу з ёй ажаніцца», — рашыў я нарэшце: — «яна і ведаць не будзе, што і я пакахаў яе».

Я ўстаў — і, паклаўшы талер у руку беднай Ганхен (яна нават не падзякавала мне), накіраваўся да дома Фрау Луізе. Вячэрнія цені ўжо разліваліся ў паветры, і вузкая паласа неба, над цёмнай вуліцай, чырванела водблескам зары. Я