Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/144

Гэта старонка не была вычытаная

Знаёмыя крокі пачуліся за мною: я азірнуўся — да мяне сваёй шпаркай і лёгкай хадою ішоў бацька.

— Гэта княжна? — запытаўся ён у мяне.

— Княжна.

— Хіба ты яе ведаеш?

— Я яе бачыў сёння раніцой у княгіні.

Бацька спыніўся — і крута павярнуўшыся на абцасах, пайшоў назад. Параўняўшыся з Зінаідай, ён далікатна ёй пакланіўся. Яна таксама яму пакланілася, не без некаторага здзіўлення на твары, і апусціла кнігу. Бачыў я, як яна праводзіла яго вачыма. Мой бацька заўсёды адзяваўся вельмі элегантна — своеасабліва і проста; але ніколі яго фігура не паказалася мне больш стройнай, ніколі яго шэры капялюш не сядзеў прыгажэй на яго ледзь парадзеўшых кудрах.

Я накіраваўся было да Зінаіды, але яна нават не паглядзела на мяне, зноў паднесла да вачэй кнігу і адышла.

VI

Цэлы вечар і наступную раніцу правёў я ў нейкім панурым аняменні. Памятаецца, я паспрабаваў працаваць і ўзяўся за Кайданава — але дарэмна мільгалі перада мною доўгія радкі і старонкі славутага падручніка. Дзесяць разоў падрад прачытаў я словы: «Юлій Цэзар вызначаўся воінскай адвагай» — не зразумеў нічога і кінуў кнігу. Перад абедам я зноў напамадзіўся і зноў надзеў сурдуцік і гальштук.

— Дзеля чаго-ж гэта? — запыталася матуля. — Ты яшчэ не студэнт, і бог ведае, ці вытрымаеш ты экзамены? — Ды ці даўно табе пашылі куртку? Не кідаць-жа яе.

— Госці будуць, — прашаптаў я амаль у роспачы.

— Вось глупства! якія гэта госці!

Трэба было пакарыцца. Я замяніў сурдуцік курткай, але гальштука не зняў. Княгіня з дачкой прышла за поўгадзіны да абеду; старая, апрача зялёнай, ужо знаёмай мне сукенкі, накінула жоўты шаль і надзела старамодні чапец з стужкамі вогненнага колеру. Яна адразу-ж загаварыла аб сваіх векселях, уздыхала, скардзілася на сваю беднасць, «вымарочвала», але ніколькі не трымала сябе чынна: таксама шумна нюхала табак, таксама свабодна паварачвалася і ёрзала на