Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/31

Гэта старонка не была вычытаная

дазвольце мне прыслаць да вас сёння, — дадаў ён, у той чаc як Аўдоцця прадаўжала цвярдзіць скрозь слёзы, што яна і яго і сябе зарэжа.

— Ды вось яны, дарэчы, і ідуць, — заўважыў ён, зірнуўшы ў акно. — А то яшчэ якая-небудзь бяда, бог барані, здарыцца… Вось гэтак спакайней будзе. Вы ўжо зрабіце ласку, спажыткі свае збярыце сёння, а яны ў вас папільнуюць і дапамогуць вам, бадай. Прабачце-ж, калі ласка.

Ён пакланіўся, вышаў і паклікаў да сябе работнікаў.

Аўдоцця кінулася на лаўку, пасля лягла грудзьмі на стол і пачала ламаць сабе рукі, затым раптам усхапілася і пабегла ўслед за мужам… Мы расказалі пра іх спатканне.

Калі Акім паехаў ад яе разам з Яфрэмам, пакінуўшы яе адну ў полі, яна перш доўга плакала, не зыходзячы з месца. Наплакаўшыся ўдосталь, яна пайшла да панскай сядзібы. Горка было ёй увайсці ў дом, яшчэ гарчэй паказацца ў дзявоцкім пакоі. Усе дзяўчаты кінуліся да яе насустрач, спачуваючы ёй і шкадуючы. Убачыўшы іх, Аўдоцця не магла ўтрымаць слёз сваіх; яны так і пырснулі з яе апухлых і пачырванелых вачэй. Уся абяссіленая, яна села на першае трапіўшае крэсла. Пабеглі па Кірылаўну. Кірылаўна прышла, абышлася з ёй вельмі ласкава, але да пані яе не дапусціла таксама, як не дапусціла Акіма. Аўдоцця сама не вельмі дамагалася спаткання з Лізаветай Прохараўнай: яна прышла ў панскі дом толькі дзеля таго, што зусім не ведала, куды галаву прыхіліць.

Кірылаўна загадала падаць самавар. Аўдоцця доўга адмаўлялася піць чай, але ўступіла нарэшце, просьбам і пераконанням усіх дзяўчын і пасля першай шклянкі выпіла яшчэ чатыры. Калі Кірылаўна ўбачыла, што яе госця крыху супакоілася і толькі зрэдку ўздрыгвала і слаба ўсхліпвала, яна запыталася ў яе, куды яны маюць намер перасяліцца і што хочуць зрабіць са сваімі рэчамі. Аўдоцця ад гэтага пытання зноў заплакала, стала запэўняць, што ёй, апрача смерці, нічога ўжо не трэба; але Кірылаўна, як жанчына з галавой, яе адразу-ж спыніла і параіла, не трацячы дарэмна часу, з сёнешняга-ж дня пачаць перавозку рэчаў у былую Акімаву хату на вёсцы, дзе жыў яго дзядзька, той самы стары, які адгаварваў яго жаніцца; абвясціла, што з дазволу пані ім дадуць на перавозку і ў падмогу людзей і коней: «а што да вас датычыць, мая любачка», — дадала Кірылаўна, склаўшы ў кіслую ўсмешачку свае каціныя губы, — «у нас заўсёды месца для вас знойдзецца, і нам будзе вельмі прыемна, калі вы ў