Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/33

Гэта старонка не была вычытаная

ліся; зірнуў-бы ты хоць на сябе — твар да твара не падобен, як чумэза нейкая, колькі сена ў валасы набілася!

— Нічога, што набілася, — запярэчыў Яфрэм і, правёўшы рукой па галаве, увайшоў у пакой. — Акім ужо не спаў: ён сядзеў са звешанымі нагамі на печы; вельмі дзіўны і ўскудлачаны быў таксама ў яго твар. Ён здаваўся тым больш пакамечаным, што Акім не прывык многа піць.

— Ну, што, Акім Сямёныч, як выспаліся, — пачаў Яфрэм…

Акім паглядзеў на яго мутным позіркам.

— Што, брат Яфрэм, — загаварыў ён сіпла: — ці можна зноў — таго?

Яфрэм хутка зірнуў на Акіма… ён адчуў у гэты момант некаторую ўнутраную дрыготку; такія адчуванні перажывае паляўнічы на ўзлессі пры нечаканым цяўканні гончага сабакі ў лесе, з якога ўжо, здавалася, уся звярына ўцякла.

— Як — яшчэ? — запытаўся ён нарэшце.

— Так; яшчэ.

«Жонка ўбачыць», — падумаў Яфрэм: «не пусціць, бадай».

— Нічога, можна, — сказаў ён голасна: — пацярпіце. — Ён вышаў і, дзякуючы ўмела прынятым захадам, паспеў непрыкметным чынам пранесці пад крысой вялікую бутэльку…

Акім узяў гэту бутэльку… Але Яфрэм не стаў піць з ім разам, па-ўчарайшаму — ён баяўся жонкі, і, абвясціўшы Акіму, што паедзе паглядзець, што там у яго робіцца і як укладваюць яго рэчы і ці не грабяць яго, — зараз-жа адправіўся конна да пастаялага двара на сваім непакормленым коніку — прычым, аднак, пра сябе не забыўся, калі прыняць пад увагу яго адтапыраную пазуху.

Акім хутка пасля яго адыходу ўжо спаў зноў, як забіты, на печы… Ён нават тады не прачнуўся, прынамсі, нічым не паказаў, што прачнуўся, калі Яфрэм, які вярнуўся праз чатыры гадзіны, пачаў яго штурхаць і будзіць і лепятаць над ім нейкія надзвычай збіўчывыя словы аб тым, што ўжо ўсё паехала і пераехала, і абразы, моў, ужо зняты і паехалі, і ўсё ўжо скончана — і што яго ўсе шукаюць, але што ён, Яфрэм, распарадзіўся і забараніў… і г. д. Між іншым, лепятаў ён нядоўга. Жонка яго зноў адвяла ў камору, а сама ў вялікім абурэнні і на мужа свайго, і на госця, па міласці якога муж «запіў», лягла ў хаце на палатках… Але калі, прачнуўшыся, па звычаю свайму, досвіткам, зірнула яна на печ, Акіма ўжо на ёй не было. Яшчэ другія певуны не прапелі і ноч яшчэ стаяла такая тёмная, што само неба ледзь-ледзь шарэла проста над галавой, а па краях зусім утапала ў змроку, —