Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/34

Гэта старонка не была вычытаная

як ужо Акім выходзіў з варот дзячковага дома. Твар яго быў бледны — але ён зорка глядзеў навокал, і хада яго не паказвала на п’янага. Ён плыў у напрамку ранейшага свайго жылля — пастаялага двара, які перайшоў ужо канчаткова ва ўладанне новага гаспадара — Навума.

Навум таксама не спаў у той час, калі Акім пакідаў употайку дом Яфрэма. Ён не спаў; падаслаўшы пад сябе кажушок, ляжаў ён, апрануты, на лаўцы. Не сумленне яго мучыла — не! ён са здзіўляючым спакоем прысутнічаў раніцой пры ўкладцы і перавозцы ўсяго Акімавага скарбу и не раз сам загаварваў з Аўдоццяй, якая да такой ступені пала духам, што нават не дакарала яго… Сумленне яго было спакойна, але яго займалі розныя меркаванні і разлікі. Ён не ведаў, ці пашанцуе яму на новым месцы; да гэтага часу ён ніколі яшчэ не меў пастаялага двара — ды і наогул не меў свайго кутка; яму і не спалася. «Добра пачата справа, — думаў ён, — што далей будзе…» Адправіўшы перад вечарам апошнюю фурманку з Акімавым дабром (Аўдоцця з плачам пайшла за ёю), ён агледзеў увесь двор, усе закуткі, скляпы, хлявы, лазіў на гару, неаднаразова загадваў сваім работнікам пільнаваць як след і, застаўшыся адзін пасля вячэры, усё не мог заснуць. Так здарылася, што ў той дзень ніводзін з праезджых не застаўся начаваць: гэта яго вельмі ўзрадавала. «Сабаку трэба заўтра купіць абавязкова, якога-небудзь, злоснага, у млынара; бач, яны свайго забралі», — гаварыў ён сам сабе, варочаючыся з боку на бок, і раптам жвава падняў галаву… Яму здалося, што нехта прайшоў пад акном… Ён прыслухаўся… Нічога. Толькі цвыркун час-ад-часу асцярожна трашчаў за печчу, ды мыш недзе скрэбла, ды чулася яго ўласнае дыханне. Усё было ціха ў пустым пакоі, цьмяна асветленым жоўтымі праменнямі маленькай шкляной лампадкі, якую ён паспеў павесіць і запаліць перад абразком на куце… Ён апусціў галаву; вось яму зноў здалося, як быццам скрыпнулі вароты… пасля злёгку затрашчаў пляцень… Ён не вытрымаў, усхапіўся, адчыніў дзверы ў другі пакой і ўпоўголаса клікнуў: Фёдар, а Фёдар! Ніхто не адазваўся яму… Ён вышаў у сенцы і ледзь не паваліўся, спатыкнуўшыся на Фёдара, які разлёгся на падлозе. Мармычучы праз сон, заварушыўся работнік; Навум расштурхаў яго.

— Што там, што трэба, — пачаў было Фёдар…

— Чаго крычыш, маўчы, — сказаў шэптам Навум. — Што вы спіце, праклятыя! Нічога не чуў?

— Нічога, — адказаў той. — А што?