Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/35

Гэта старонка не была вычытаная

— А дзе астатнія спяць?

— Астатнія спяць, дзе загадана… Ды хіба што…

— Маўчы — ідзі за мною…

Навум ціхенька адчыніў дзверы з сянец на двор… На дварэ было вельмі цёмна… павеці з іх слупамі толькі таму і можна было адрозніць, што яны гусцей чарнелі сярод чорнай імглы…

— Можа запаліць ліхтарык, — прагаварыў сцішка Фёдар.

Але Навум махнуў рукой і прытаіў дыханне… Перш ён нічога не пачуў, апрача тых начных гукаў, якія амаль заўсёды пачуеш у тым месцы, дзе ёсць жывыя істоты: конь жаваў авёс, свіння ціха хрукнула праз сон, дзесьці хроп чалавек; але раптам дайшоў да яго вушэй нейкі падазроны шум, што ўзняўся на самым канцы двара, каля плоту…

Здавалася, хтосьці там варочаўся і як быццам дыхаў або дзьмуў… Навум зірнуў цераз плячо на Фёдара і, асцярожна саступіўшы з ганачка, пайшоў на шум… Разы два спыняўся ён, прыслухоўваўся і прадаўжаў зноў красціся… Раптам ён уздрыгануўся… За дзесяць крокаў ад яго, у густой цемені ярка заззяла вогненная кропка: гэта быў распалены вугаль, і каля самага вугалю паказалася на адно імгненне пярэдняя частка чыйгосьці твара з адтапыранымі губамі… Хутка і моўчкі, як кот на мыш, рынуўся Навум на агонь… Таропка ўстаўшы з зямлі, кінулася яму насустрач нейкае доўгае цела і ледзь не збіла яго з ног, ледзь не выслізнула з яго рук, але ён учапіўся ў яго з усіх сіл… — Фёдар, Андрэй, Пятрушка! — закрычаў ён, з усяе сілы: — хутчэй сюды, сюды, злодзея злавіў, падпальшчыка… — Чалавек, якога ён схапіў, моцна валтузіўся і біўся… але не выпускаў яго Навум… Фёдар адразу-ж падскочыў да яго на падмогу.

— Ліхтар, хутчэй ліхтар! бяжы па ліхтар, будзі другіх хутчэй! — крыкнуў яму Навум: — а я з ім… пакуль адзін спраўлюся — я сяджу на ім… Хутчэй! ды захапі папругу, звязаць яго.

Фёдар пабег у хату… Чалавек, якога Навум трымаў, раптам перастаў вырывацца…

— Так, відаць, табе мала і жонкі, і грошай, і двара, мяне таксама загубіць хочаш, — загаварыў ён глуха.

Навум пазнаў акімаў голас.

— Дык гэта ты, галубок, — сказаў ён: — добра, пачакай-жа!

— Пусці, — прагаварыў Акім. — Няўжо табе мала?