Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/36

Гэта старонка не была вычытаная

— А вось, я табе заўтра перад судом пакажу, як мне мала… — І Навум яшчэ мацней прыціснуў Акіма.

Прыбеглі слугі з двума ліхтарамі і вяроўкамі… «Вяжыце яго!» — рэзка скамандаваў Навум. Слугі схапілі Акіма, паднялі яго, скруцілі яму рукі назад… Адзін з іх пачаў лаяцца, але, пазнаўшы старога гаспадара пастаялага двара, змоўк і толькі зірнуў на іншых.

— Бачыш, бачыш, — цвярдзіў у гэты час Навум, водзячы ліхтаром над зямлёй: — вось, і вугаль у гаршку; зірніце-ж, у гаршку цэлую галавешку прыцягнуў — трэба будзе даведацца, дзе ён гаршчок гэты ўзяў… вось, ён і галля наламаў… — І Навум старанна затаптаў агонь нагой. — Абшукай яго, Фёдар! — дадаў ён: — ці няма ў яго там яшчэ чаго?

Фёдар абмацаў Акіма, які стаяў нерухома і звесіў, як мёртвы, галаву на грудзі.

— Ёсць, вось нож, — прагаварыў Фёдар, дастаючы з-за Акімавай пазухі стары кухонны нож.

— Эге, браток, дык ты вось куды меціў, — усклікнуў Навум. — Хлопцы, вы сведкі… вось, ён зарэзаць мяне хацеў, двор падпаліць… Запрыце яго да раніцы ў падвале, адтуль ён не выскачыць… Вартаваць я сам усю ноч буду, а заўтра, ледзь золак, мы яго да іспраўніка… а вы сведкі, чуеце!

Акіма ўпіхнулі ў падвал, захлопнулі за ім дзверы… Навум прыставіў да іх двух работнікаў і сам не лёг спаць.

Між тым, Яфрэмава жонка, пераканаўшыся, што яе няпрошаны госць пайшоў, — пачала гатаваць снеданне, хоць на дварэ яшчэ ледзь толькі світала… У той дзень было свята. Яна прысела да печкі — дастаць агеньчыку, і ўбачыла, што нехта ўжо раней выграбаў адтуль жар; хапілася за тым нажа — не знайшла, нарэшце, з чатырох сваіх гаршкоў недалічылася аднаго. Яфрэмава жонка славілася бабай не дурной — і не здарма. Яна пастаяла ў задуменні, пастаяла і пайшла ў камору да мужа. Не лёгка было разбудзіць яго — яшчэ цяжэй растлумачыць яму, навошта яго будзілі… На ўсё, што ні гаварыла дзячыха, Яфрэм адказваў усё адно і тое-ж:

— Пайшоў — ну, бог з ім… я прычым тут? Забраў нож і гаршчок — ну, бог з ім — а я прычым?

Аднак, нарэшце, ён устаў і, уважліва выслухаўшы жонку, рашыў, што справа гэта нядобрая, і што гэтага так пакінуць нельга.

— Так, — цвярдзіла дзячыха: — гэта нядобра: гэтак ён, бадай бед наробіць, з роспачы гэтай… Я з вечара бачыла, што ён не спаў, так ляжаў на печы: табе-б, Яфрэм Александравіч, не дрэнна было-б праведаць, ці што…