Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/65

Гэта старонка не была вычытаная

на яе, як бывала на Рагачова. Лучынаў заўсёды быў загадкай для ўсіх; у самай халоднасці яго няўмольнай душы вы адчувалі прысутнасць дзіўнага, амаль паўднёвага полымя, і у самым шалёным разгары страсці ад гэтага чалавека веяла холадам. — Пры іншых, ён, як і раней, падтрымліваў Ольгу Іванаўну; але сам-на-сам ён гуляў з ёю як кот з мышкай, або палохаў яе сафізмамі або цяжка і ядавіта нудзіўся, або, нарэшце, зноў кідаўся да яе ног, захапляў яе, як віхор трэску… і не прыкідваўся тады закаханым… але сапраўды сам заміраў…

Аднойчы, досыць позна ўвечары, Васіль сядзеў адзін у сябе ў пакоі і ўважліва перачытваў апошнія, атрыманыя ім з Пецербурга пісьмы — як раптам дзверы ціхенька заскрыпелі, і ўвайшла Палашка, пакаёўка Ольгі Іванаўны.

— Што табе трэба? — досыць злосна запытаўся ў яе Васіль.

— Паненка просяць вас да сябе.

— Цяпер не магу. Ідзі… Ну, што-ж ты стаіш? — прадаўжаў ён, убачыўшы, што Палашка не выходзіла.

— Паненка загадала сказаць, што вельмі, значыцца, патрэбна.

— Ды што там такое?

— Самі ўбачыце…

Васіль устаў, з прыкрасцю кінуў пісьмы ў скрынку і пайшоў да Ольгі Іванаўны. Яна сядзела адна, у кутку, — бледная і нерухомая.

— Што вы хацелі? — запытаўся ён не зусім ветліва.

Ольга паглядзела на яго, і, уздрыгваючыся, закрыла вочы.

— Што з вамі? што з табой, Ольга?

Ён узяў яе за руку… Рука Ольгі Іванаўны была халодная як лёд… Яна хацела загаварыць… і голас яе замёр. Беднай жанчыне не заставалася ніякага сумнення наконт свайго становішча.

Васіль крыху збянтэжыўся. Пакой Ольгі Іванаўны знаходзіўся на адлегласці двух крокаў ад спальні Анны Паўлаўны. Васіль асцярожна падсеў да Ольгі, цалаваў і грэў яе рукі, шэптам угаварваў яе. Яна слухала яго, і моўчкі — злёгку ўздрыгвала. У дзвярах стаяла Палашка і паціхеньку выцірала слёзы. У суседнім пакоі цяжка і мерна стукаў маятнік, і чулася дыханне спячага. Здрантвенне Ольгі Іванаўны вылілася, нарэшце, у слёзы і глухі плач. Слёзы — што навальніца: пасля іх чалавек заўсёды цішэе. Калі Ольга Іванаўна