Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/66

Гэта старонка не была вычытаная

супакоілася крыху і толькі зрэдку, сударгава ўсхліпвала, як дзіця, Васіль стаў перад ёю на калені і ласкамі, пяшчотнымі абяцаннямі супакоіў яе зусім, даў ёй напіцца, паклаў яе спаць і пайшоў. Усю ноч ён не раздзяваўся, напісаў два-тры пісьмы, спаліў дзве-тры паперы, дастаў залаты медальён з партрэтам жанчыны чорнабровай і чорнавокай, з тварам сладастрасным і смелым, доўга разглядаў яе рысы і ў задуменні хадзіў па пакоі. У другую раніцу, п’ючы чай, ён з надзвычайным нездаволеннем убачыў пачырванелыя, распухлыя вочы і бледны, устрывожаны твар Ольгі. Пасля снедання ён прапанаваў ёй прайсціся з ім па садзе. Ольга пайшла за Васілём, як паслухмяная авечка. Калі-ж гадзіны праз дзве, яна вярнулася з саду — яна была страшэнна бледная; яна сказала Анне Паўлаўне, што ёй нездаровіцца, і злегла ў пасцель. У часе прагулкі Васіль з пакорлівым раскаяннем абвясціў ёй, што ён тайна жанаты — ён быў такі-ж халасцяк, як я. Ольга Іванаўна не страціла прытомнасці — трацяць прытомнасць толькі на сцэне; але раптам акамянела, хоць сама не толькі не спадзявалася выйсці за Васіля Іванавіча, але нават неяк баялася аб гэтым думаць. Васіль пачаў ёй даказваць неабходнасць разлукі з ім і жаніцьбы з Рагачовым. Ольга Іванаўна глядзела на яго з нямым жахам. Васіль гаварыў халодна, дзельна, грунтоўна; вінаваціў сябе, каяўся — але скончыў усе свае разважанні наступнымі словамі: «што прайшло, таго не вернеш, трэба дзейнічаць». Ольга разгубілася зусім; ёй было страшна, сорамна; смутная, цяжкая роспач авалодала ёю; яна жадала смерці — і са смуткам чакала рашэння Васіля.

— Трэба ва ўсім прызнацца матулі, — сказаў нарэшце ён.

Ольга памярцвела; ногі ў яе падкасіліся.

— Не бойся, не бойся, — цвярдзіў Васіль: — павер мне, я цябе не пакіну… я ўсё ўладжу… спадзявайся на мяне.

Бедная жанчына паглядзела на яго з любоўю… так, з любоўю, і глыбокай, хоць ужо безнадзейнай адданасцю.

— Я ўсё, усё ўладжу, — сказаў ёй на развітанне Васіль… — і апошні раз пацалаваў яе пахаладзелыя рукі…

У наступную-ж раніцу, Ольга Іванаўна толькі што ўстала з пасцелі — дзверы яе адчыніліся… і Анна Паўлаўна з’явілася на парозе. Яе падтрымліваў Васіль. Моўчкі дабралася яна да крэсла і села моўчкі. Васіль стаў каля яе. Ён здаваўся спакойным; бровы яго ссунуліся і губы злёгку раскрыліся. Анна Паўлаўна, бледная, абураная, разгневаная, збіралася гаварыць, але голас здрадзіў ёй. Ольга Іванаўна з жудасцю