Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/71

Гэта старонка не была вычытаная

— Не, Васіль Іванавіч, — перапыніў яго Рагачоў. — Вы мяне, я ведаю, або заб’еце, або пакалечыце: але чэсці сваёй я трапіць не буду; паміраць дык паміраць.

Ярошка ўвайшоў і дрыжачымі рукамі падаў Рагачову старэнькую шпагу ў скураных, патрэсканых ножнах. У той час усе дваране насілі шпагі, калі пудрыліся; але стэпавыя памешчыкі пудрыліся разы два ў год. Ярошка адышоў да дзвярэй і заплакаў. Павел Апанасавіч выштурхнуў яго з пакоя.

— Аднак, Васіль Іванавіч, — заўважыў ён з некаторым замяшаннем: — я не магу цяпер з вамі біцца: дазвольце акласці нашу дуэль да заўтра; бацькі няма дома; ды і справы мае, на ўсякі выпадак, трэба ўпарадкаваць.

— Вы, як я бачу, зноў пачынаеце палохацца, міласцівы гасудар.

— Не, не, Васіль Іванавіч; але падумайце самі…

— Паслухайце, — закрычаў Лучынаў: — вы мяне з цярпення выводзіце… Або дайце мне слова неадкладна жаніцца, або біцеся… або я вас, прыб’ю палкай як труса, разумееце?

— Пойдзем у сад, — адказаў праз зубы Рагачоў.

Але раптам дзверы адчыніліся, і старая няня Яфімаўна, з распушчанымі валасамі, ускочыла ў пакой, пала перад Рагачовым на калені, схапіла яго за ногі…

— Баценька ты мой! — закрычала яна: — дзіцятка ты маё… што-ж ты надумаўся? не загубі нас гаротных, бацецька! Ды ён-жа цябе заб’е, галубочек ты мой! Ды загадай-жа нам толькі, загадай, мы яго свавольніка гэтага, шапкамі закідаем… Павел Апанасавіч, дзіцятка ты маё, пабойся бога!

У дзвярах паказалася многа бледных і ўстрывожаных твараў… паказалася нават рыжая барада старасты…

— Пусці мяне, Яфімаўна, пусці! — прамарматаў Рагачоў.

— Не пушчу, родненькі, не пушчу. Што ты гэта, баценька, што ты? Ды што-ж скажа Апанас Лукіч вось? Ды ён нас усіх на той свет загоніць… А вы што стаіце? Вазьміце вось няпрошанага госця пад рукі, дый выправадзіце яго вон з дому, каб і духу яго не было.

— Рагачоў! — грозна крыкнуў Васіль Іванавіч.

— Ты звар’яцела, Яфімаўна, ты мяне ганьбіш… — прагаварыў Павел Апанасавіч. — Ідзі, ідзі сабе з богам, і вы ідзіце адсюль, чуеце?..