Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/76

Гэта старонка не была вычытаная

мяне, гандляр пернікамі, як толькі ўвесь натоўп праваліў міма: — хіба гэта яда для іх?

І наспех запрогшы свайго коніка, спусціўся ён да рэчкі, на якой віднеўся маленькі бярвенчаты паром. Мужчына, у белым войлачным «шлыку» (звычайнай палескай шапцы), вышаў з нізкай зямлянкі яму насустрач і пераправіў на супроцьлеглы бераг. Воз папоўз па разбітай няроўнай дарозе, зрэдку папіскваючы адным колам.

Я пакарміў коней — і таксама пераправіўся. Працягнуўшыся вярсты са дзве балоцістым лугам, узабраўся я, нарэшце, па вузкай гаці ў прасеку лесу. Тарантас няроўна заскакаў па круглых бярвенцах; я вылез і пайшоў пехатою. Коні ішлі дружным крокам, фыркаючы і адмахваючыся галовамі ад камароў і мошак. Палессе прыняло нас у свае нетры. На ўскраіне, бліжэй: да лугу, раслі бярозы, асіны, ліпы, клёны і дубы: пасля яны сталі радзей трапляцца, суцэльнай сцяной насунуўся густы ельнік; далей зачырванелі голыя ствалы хвойніку, а там зноў пацягнуўся змешаны лес, які зарос знізу кустамі арэшніку, чарэмхі, рабіны і буйнымі сочнымі травамі. Сонечныя праменні ярка асвятлялі верхавіны дрэў і, рассыпаючыся па галінах, толькі дзе-ні-дзе дасягалі да зямлі пабляднеўшымі палосамі і плямамі. Птушак амаль што не было чуваць — яны не любяць вялікіх лясоў; толькі час-ад-часу чуўся пануры, трохразовы вокліч удота, ды злосны крык арэхаўкі або сойкі; маўклівая, заўсёды адзінокая сіваваронка пералятала цераз прасеку, пабліскваючы блакітам сваіх прыгожых пер’яў. Іншы раз дрэвы радзелі, расступаліся, наперадзе святлела, тарантас выязджаў на расчышчаную пясчаную паляну; рэдзенькая жыта расло на ёй загонамі, бясшумна калышучы сваімі бледнымі каласкамі; у баку цямнелася старая каплічка з пакрыўленым крыжам над студняй; нябачная крынічка мірна журчэла пераліўчатымі і гулкімі гукамі, як быццам зліваючыся ў парожнюю бутэльку; а там нечакана дарогу перагараджала бяроза, якая нядаўна звалілася, і лес стаяў навокал да таго стары, высокі і дрымучы, што нават паветра здавалася спёртым. Месцамі прасека была ўся заліта вадой; з абодвух бакоў рассцілалася лясное балота, усё зялёнае і цёмнае, усё пакрытае чаратамі і дробным алешнікам; качкі ўзляталі папарна — і дзіўна было бачыць гэтых вадзяных птушак, якія так шпарка прамільгалі між соснамі. — «Га, га, га, га», нечакана ўздымаўся працяглы крык; гэта пастух гнаў статак цераз пералесак; бурая карова з вострымі ка-