роткімі рагамі шумна прабіралася праз кусты і спынілася, як укопаная, на краю прагаліны, уставіўшы свае вялікія цёмныя вочы на бягучага ўперадзе мяне сабаку; ветрык даносіў тонкі і моцны пах гарэлага дрэва; белы дымок распаўзаўся ўдалечыні круглымі струменьчыкамі па бледнасінім лясным паветры; як відаць, мужычок здабываў вугаль дпя шклянога завода або для фабрыкі. Чым далей мы ехалі, тым глушэй і цішэй станавілася навокал. У бары заўсёды ціха, толькі адбываецца — там, высока над галавою, нейкі доўгі і нудны шорах і стрыманы гул па верхавінах… Едзеш, едзеш, не перастае гэта вечная лясная гамонка, і патроху пачынае ныць сэрца, і хочацца чалавеку хутчэй выйсці на прастор, на святло, хочацца яму ўздыхнуць поўнымі грудзьмі — і гняце яго гэта пахучая сырасць і гніль…
Вёрст пятнаццаць ехалі мы ступою, зрэдку рыссю. Мне хацелася завідна прыехаць у сяло Святое, якое знаходзіцца ў самай сярэдзіне лесу. Разы два сустрэліся мне мужычкі з надраным лыкам або з доўгімі бярвеннямі на вазах.
— Ці далёка да Святога? — запытаўся я ў аднаго з іх.
— Не, недалёка.
— А колькі?
— Ды вярсты тры будзе.
Прайшло гадзіны паўтары. А мы ўсё ехалі ды ехалі. Вось зноў заскрыпелі нагружаныя калёсы. Мужык ішоў з боку.
— Колькі, браток, засталося да Святога?
— Што?
— Колькі да Святога?
— Восем вёрст!
Сонца ўжо заходзіла, калі я, нарэшце, выбраўся з лесу і ўбачыў перад сабою невялікае сяльцо. Двароў з дваццаць ляпілася вакол старой, драўлянай, аднавежавай царквы з зялёным купалам і маленечкімі акенцамі, якія ярка адсвечвалі ў бляску праменняў заходзячага сонца. Гэта было Святое. Я ўехаў у ваколіцу. Статак, які вяртаўся з пашы, нагнаў мой тарантас і з рыканнем, рохканнем і бляяннем прабег міма. Маладыя дзеўкі, клапатлівыя бабы сустракалі сваю жывёлу; белагаловыя хлапчукі гналіся з вясёлымі крыкамі за непаслухмянымі парасятамі; пыл імчаўся ўздоўж вуліцы лёгкімі клубамі і, уздымаючыся вышэй, чырванеў.
Я спыніўся ў старасты, хітрага і разумнага «палеха», з тых палехаў, аб якіх гавораць, што яны на два аршыны пад зямлёю, бачаць. На другі дзень рана паехаў я ў драбінцы, у якую запрэглі пару таўстапузых сялянскіх коней, са старас-