тавым сынам і яшчэ адным селянінам, якога звалі Ягорам, на паляванне за глушцамі і арабкамі. Лес сінеў суцэльным кальцом па ўсяму краю неба — дзесяцін дзвесце, не больш, лічылася ворнай зямлі вакол Святога; але да добрых месц прыходзілася ехаць вёрст сем. Стараставага сына звалі Кандратам. Гэта быў малады, русы і чырвонашчокі хлапчына, з добрым і спакойным выразам твара, услужлівы і гаваркі. Ён кіраваў коньмі. Ягор сядзеў са мною побач. Мне хочацца сказаць пра яго пару слоў.
Ён лічыўся лепшым паляўнічым ва ўсім павеце. Усе месцы, вёрст на пяцьдзесят вакол, ён прайшоў удоўж і ўпоперак. Ён рэдка страляў па птушцы, бо нехапала пораху і шроту; але яму дастаткова ўжо было таго, што ён арабка падманіў, падмеціў тачок слонкі. Ягор славіўся як чалавек праўдзівы і «маўклівы». Ён не любіў гаварыць і ніколі не перавялічваў ліку знойдзенай дзічыны — рыса, рэдкая ў паляўнічым. Росту ён быў сярэдняга, хударлявы, твар меў выцягнены і бледны, вялікія, сумленныя вочы. Усе рысы яго, асабліва губы, правільныя і заўсёды нерухомыя, дыхалі бестурботным спакоем. Ён усміхаўся злёгку і неяк унутр, калі выгаварваў словы — вельмі прыемнай была гэта ціхая ўсмешка. Ён не піў гарэлкі і старанна працаваў, але яму не шанцавала: жонка яго ўсё хварэла, дзеці паміралі; ён «забяднеў» і ніяк не мог справіцца. І то сказаць, заўзятасць да палявання не мужыцкая справа, і хто «са стрэльбай знаецца» — гаспадар дрэнны. Ці то ад заўсёднага прабывання ў лесе, тварам у твар з сумнай і строгай прыродай таго нелюдзімага краю, ці з прычыны асаблівага складу і настрою душы, але толькі ва ўсіх рухах Ягора заўважалася нейкая скромная важнасць, іменна важнасць, а не задумённасць — важнасць статнага аленя. Ён на сваім вяку забіў сем мядзведзяў, падпільнаваўшы іх на «аўсах». У апошняга ён толькі на чацвертую ноч адважыўся стрэліць: мядзведзь усё не станавіўся да яго бокам, а куля ў яго была адна. Ягор забіў яго напярэдадні майго прыезду. Калі Кандрат прывёў мяне да яго, я застаў яго на задворку; прысеўшы перад вялізным зверам, ён выразаў з яго сала кароткім і тупым нажом.
— Якога-ж ты малайца паваліў! — заўважыў я.
Ягор падняў галаву і паглядзеў перш на мяне, а пасля на сабаку, які прыбег са мною.
— Калі на паляванне прыехалі, у Машном глушцы ёсць —