Здароў, Аляксандрыч, — дадаў ён, узвысіўшы голас і прыпадняўшы шапку.
Невялікага росту мужчына ў чорнай, кароткай світцы, падперазанай вяроўкай, вышаў з-за дрэва і падышоў да воза.
— Што, адпусцілі? — запытаўся Кандрат.
— А чаму-ж бы і не! — запярэчыў мужычок і выскаліў зубы. — Нашага брата трымаць не прыходзіцца.
— І Пётр Філіпавіч нічога.
— Філіпаў? Вядома, нічога.
— Бач ты яго! А я, Аляксандрыч, думаў: ну, брат, думаў я, цяпер кладзіся гусь на скавараду!
— Ад Пятра Філіпава? Во яшчэ! Бачылі мы такіх. Суецца ў ваўкі, а хвост сабачы. На паляванне, ці што, едзеш, пан? — запытаўся раптам мужычок, хутка зірнуўшы на мяне сваімі прыжмуранымі вочкамі, і адразу-ж апусціў іх зноў.
— На паляванне.
— А куды, прыкладна?
— На Гар, — сказаў Кандрат.
— Едзеце на Гар, не наехаць-бы на пажар.
— А што?
— Бачыў я глушцоў многа, — прадаўжаў мужычок, усё як быццам пасмейваючыся і не адказваючы Кандрату: — ды вам туды не трапіць: напрамкі вёрст дваццаць будзе. Вось і Ягор — што гаварыць! у бары, як у сябе на двары, а і той не пралезе. Здароў, Ягор, божая душа за паўтара граша, — гаркнуў ён раптам.
— Здароў, Яфрэм, — павольна запярэчыў Ягор.
Я з цікавасцю паглядзеў на гэтага Яфрэма. Такога дзіўнага твара я даўно не бачыў. Нос у яго быў даўгі і востры, тоўстыя губы і рэдзенькая бародка. Яго блакітныя вочкі так і бегалі, як жыўчыкі. Стаяў ён развязна, злёгку падпёршыся рукамі ў бокі і не здымаючы шапкі.
— На пабыўку дадому, ці што? — запытаўся ў яго Кандрат.
— Ды ну, на пабыўку! Цяпер, брат, надвор’е не тое: разгулялася. Шырока, брат, стала, во як. Хоць да зімы на печы ляжы, ніякі сабака не чукне. Мне ў горадзе гаварыў вось гэты праізвадзіцель: кінь, моў нас, Ляксандрыч, выязджай з павета зусім, пачпарт дадзім першы сорт… ды