божа ты мой! Ужо на што мы ўсе, тутэйшыя, лес ведаем, прывыклі змалку, а з ім зраўняцца не можам. Мінулым летам, уночы, напрамкі з Алтухіна ў Святое прышоў, а тут ніхто і не хадзіў зроду, вёрст сорак будзе. Вось і мёд красці, на гэта ён першы чалавек; і пчала яго не кусае. Усе пасекі паразбураў.
— Я думаю, ён і бартам спуску не дае.
— Ну, не, што дарэмшчыну на яго гаварыць? Такого грэху за ім не заўважалі. Борт у нас святая справа. Пасека абгароджана, тут варта, калі сцягнуў — тваё шчасце; а бартавая пчала справа божая, не ахоўнае, адзін мядзведзь яе чапае.
— На тое ён і мядзведзь, — заўважыў Ягор.
— Ён жанаты?
— А як-жа. І сын ёсць. Ох, і злодзей-жа будзе сын гэты. У бацьку ўдаўся ўвесь. Ён ужо і цяпер яго вучыць. Надоечы гаршчок са старымі пятакамі прыцягнуў, украў недзе, значыцца, пайшоў, ды закапаў яго на прагаліне ў лесе, а сам вярнуўся дадому, ды і паслаў сына на прагаліну. Пакуль, кажа, гаршка не знойдзеш, есці табе не дам і на двор не пушчу. Сын-жа цэлы дзень прасядзеў у лесе, і начаваў у лесе, а знайшоў такі гаршчок. Так, штукоўны гэты Яфрэм. Пакуль дома — найлепшы чалавек, усіх частуе: пі, еш, колькі хочаш, танцы тут у яго пачнуцца, балагурства ўсякае, а вось калі на сходцы — такая ў нас сходка на сяле бывае — ужо лепш за яго ніхто не рассудзіць, падыйдзе ззаду, паслухае, скажа слова, як адсячэ, і пайшоў; а ўжо слова якое важкае. А вось як пойдзе ў лес, ну дык бяда! Чакай разбурэння. Але яшчэ добра — сваіх не чапае, хіба толькі самому цесна давядзецца. Калі сустрэне каго святаўскага — «абыходзь, брат, міма, — крычыць здалёку: — на мяне лясны дух найшоў : заб’ю!» — Бяда!
— Чаво-ж вы глядзіце! Цэлая вотчына з адным чалавекам справіцца не можа?
— Ды ўжо бадай, што так.
— Чараўнік ён, ці што?
— Хто яго ведае! Вось, надоечы ён да суседняга дзячка на пасеку забраўся ўночы, а дзячок ды пільнаваў сам. Ну, злавіў, яго, ды папацёмку і пачаў біць. Як скончыў, Яфрэм вось і кажа яму: а ведаеш ты, каго біў? Дзячок, як пазнаў яго па голасе, так і абамлеў. Ну, брат, кажа Яфрэм, гэта табе дарам не пройдзе. Дзячок яму ў ногі: вазьмі, моў, што хочаш. Не, кажа, я з цябе ў свой час вазьму, ды і чым захачу. Што-ж