вы думаеце? ужо з самага таго дня дзячок, нібы варам абліты, як цень блукае. Сэрца, кажа, у мяне зныла; знаць слова вельмі моцнае заляпіў мне разбойнік. Вось што з ім стала, з дзячком.
— Дзячок гэты, напэўна, дурны, — заўважыў я.
— Дурны? А вось гэта як вы рассудзіце. Вышаў раз загад злавіць гэтага самага Яфрэма. Станавы такі ў нас завёўся порсткі. Вось і пайшло чалавек дзесяць у лес лавіць Яфрэма. Глядзяць, а ён ім, насустрач ідзе. Адзін вось з іх і закрычаў: вунь ён, вунь ён, трымайце яго, вяжыце! А Яфрэм увайшоў у лес, ды выразаў сабе дручок, пальцы ў два таўшчынёй, ды як выскачыць зноў на дарогу, агідны такі, страшны, як скамандуе, нібы енерал на разводзе: «на калені!» — усе так і пападалі. «А хто, кажа, тут крычаў: трымайце, вяжыце? Ты, Сяргей?» Той як ухопіцца ды ўцякаць… А Яфрэм за ім, ды дручком гэтым яго па пятах… З вярсту яго гладзіў. І пасля ўсё яшчэ шкадаваў: «Эх, моў, шкада якая: загавецца яму не перашкодзіў». А справа была перад самай Піліпаўкай. Ну, а станавога ў хуткім часе змянілі, — тым усё і скончылася.
— Чаму-ж яны ўсе яму скарыліся?
— Чаму! вось тут і справа…
— Ён вас усіх запалохаў, ды і робіць цяпер з вамі, што захоча.
— Запалохаў… Ды ён каго хочаш запалохае. І ўжо здольны ён на выдумкі, божа ты мой! — Я раз у лесе на яго наткнуўся, дождж такі ішоў здаровы, я — хацеў схінуцца… А ён паглядзеў на мяне, ды вось гэтак мяне рукой і падазваў. «Хадзі, моў, Кандрат, не бойся. Павучыся ў мяне, як у лесе жыць, на дажджы сухім быць». Я падышоў, а ён пад елкай сядзіць і агеньчык расклаў з сырых галінак: дым вось набраўся ў елку і не дае дажджу капаць. Падзівіўся я тут з яго. А то вось ён што аднойчы выдумаў (і Кандрат засмяяўся); вось пацешыў ужо. Авёс у нас малацілі на таку, ды не скончылі: апошнюю накладку згрэбсці не паспелі; ну і пасадзілі на ноч двух вартаўнікоў, а хлопцы то былі не з бойкіх. Вось сядзяць яны, ды гутараць, а Яфрэм узяў ды рукавы кашулі саломай напхаў, канцы завязаў, ды на галаву сабе кашулю і надзеў. Падкраўся вось ён у такім выглядзе да восеці, ды давай з-за вугла паказвацца, памаленьку рогі свае выстаўляць. Адзін вось хлопец і кажа другому: бачыш? — Бачу, кажа другі, ды як ахнуць раптам… дык толькі платы затрашчэлі. А Яфрэм нагроб аўса ў мех ды і занёс сабе дадому. Сам пасля ўсё расказаў. Сароміў-жа ён, сароміў, хлопцаў гэтых… Дапраўды!