невялікім гарадку З., на левым беразе Рэйна. Я шукаў адасобленасці: я толькі што быў паражоны ў сэрца адной маладой удавою, з якой пазнаёміўся на водах. Яна была надта прыгожая і разумная, какетнічала з усімі — і са мной грэшным, — перш нават заахвочвала мяне — а пасля балюча мяне ўразіла, афяраваўшы мною аднаму чырвонашчокаму баварскаму лейтэнанту. Калі прызнацца, рана майго сэрца не надта была глыбокая, але я палічыў за абавязак аддацца на некаторы час смутку і адзіноце — чым маладосць не цешыцца! — і пасяліўся ў З.
Гарадок гэты мне спадабаўся сваім месцазнаходжаннем ля падножжа двух высокіх узгоркаў, сваімі старымі сценамі і вежамі, векавымі ліпамі, крутым мастом над светлай рэчкай, якая ўпадала ў Рэйн — а галоўнае, сваім добрым віном. Па яго вузкіх вуліцах гулялі вечарам, адразу-ж пасля захаду сонца (справа была ў чэрвені), прыгожанькія белакурыя немачкі і, сустрэўшыся з чужаземцам, гаварылі прыемным галаском: «Guten Abend!» — а некаторыя з іх не адыходзілі нават і тады, калі месяц уставаў з-за вострых стрэх старэнькіх дамоў, і дробныя каменні бруку чотка рысаваліся ў яго нерухомых праменнях. Я любіў блукаць тады па горадзе; месяц, здавалася, пільна глядзеў на яго з чыстага неба; і горад адчуваў гэты позірк і стаяў чутка і мірна, увесь заліты яго святлом, гэтым спакойным і ў той-жа час ціха душу хвалюючым святлом. Певень на высокай гатычнай званіцы блішчэў бледным золатам; такім-жа золатам пераліваліся струменьчыкі па чорнаму глянцу ракі; тоненькія свечкі (немец ашчадны!) скромна цяпліліся ў вузкіх вокнах пад грыфельнымі дахамі; вінаградныя лозы таямніча высоўвалі свае завітыя вусікі з-за каменных агарод; штосьці прабягала ў цені каля старадаўняй студні на трохкутнай плошчы, нечакана чуўся санлівы свіст начнога вартаўніка, добрадушны сабака бурчэў сцішка, а паветра так і лашчылася ў твар, і ліпы пахнулі так соладка, што грудзі, паняволі, усё глыбей і глыбей дыхалі, і слова: «Грэтхен» — ні то воклік, ні то пытанне — так і прасілася на вусны.
Гарадок З. ляжыць у двух вярстах ад Рэйна. Я часта хадзіў глядзець на велічную раку і, не без некаторай напружанасці, марачы аб каварнай удаве, праседжваў шмат гадзін на каменнай лаўцы, пад адзінокім вялізным ясенем. Маленькая статуя мадонны з амаль дзіцячым тварам і чырвоным сэрцам на грудзях, праколатым мечамі, сумна выглядвала