з яго галін. На супроцьлеглым беразе знаходзіўся гарадок Л., крыху большы за той, у якім я пасяліўся. Аднойчы вечарам сядзеў я на сваёй любімай лаўцы і глядзеў то на раку, то на неба, то на вінаграднікі. Перада мною белагаловыя хлапчукі карабкаліся па баках лодкі, выцягненай на бераг і перакуленай насмоленым дном дагары. Караблікі ціха плылі на слаба надзьмутых парусах; зеленаватыя хвалі праслізгвалі міма, ледзь-ледзь успухаючы і бурчачы. Раптам данесліся да мяне гукі музыкі: я прыслухаўся. У горадзе Л. гралі вальс; кантрабас гудзеў адрывіста, скрыпка няясна залівалася, флейта свістала бойка.
— Што гэта? — запытаўся я ў падышоўшага да мяне старога ў плісавай камізэльцы, сініх панчохах і чаравіках з пражкамі.
— Гэта, — адказваў ён мне, папярэдне перасунуўшы мундштук сваёй люлькі з аднаго кутка губ у другі: — студэнты прыехалі з Б. на комерш.
«А пагляджу вось я на гэты комерш, — падумаў я: — дарэчы я ў Л. не бываў». Я знайшоў перавозчыка і пераправіўся на другі бок ракі.
II
Магчыма, не ўсякі ведае, што такое комерш. Гэта асобага сорту ўрачысты пір, на які зыходзяцца студэнты адной зямлі або брацтва (Landsmannschaft). Амаль усе ўдзельнікі ў камершы носяць здаўна ўстаноўлены касцюм нямецкіх студэнтаў: венгеркі, вялікія боты і маленькія шапачкі з аколышкамі пэўных колераў. Збіраюцца студэнты звычайна к абеду пад старшынствам сен’ёра, г. зн. старшыны, і піруюць да раніцы, п’юць, спяваюць песні, Landesvater, Gaudeamus, кураць, лаюць філістэраў; іншы раз яны наймаюць аркестр.
Такі вось камерш адбываўся ў г. Л. перад невялікай гасцініцай пад шыльдай Сонца, у садзе, які выходзіў на вуліцу. Над самай гасцініцай і над самым садам развяваліся сцягі; студэнты сядзелі за сталамі пад абстрыжанымі ліпкамі; вялізны бульдог ляжаў пад адным сталом; у баку, у альтанцы з павою, змяшчаліся музыканты і старанна гралі, раз-по-раз падмацоўваючы сябе півам. На вуліцы, перад нізкай агародай саду, сабралася досыць многа народа: добрыя грамадзяне гарадка Л. не хацелі прапусціць выпадку паглядзець на заезджых гасцей. Я таксама ўмяшаўся