Старонка:Выбраныя вершы (Чарот, 1925).pdf/23

Гэта старонка не была вычытаная

ЗЯМЛЮ ЦАЛУЕ НЕБА СІНЬ

Зямлю цалуе неба сінь
Сваім чырвоным сонцатварам
І песьню ночы „ква-кум-бінь“
Пяюць мне сонныя выгары.

У высі зорак сенажаць
Вартуе месяц — дзед двурогі,
Ня хоча раніцу спаткаць
І лесам хмар ідзе бязногі.

Капліца белая, як здань,
Ў тумане плавае за вёскай,
І сонцам спужаная рань
Прысела зайцам за бярозку.

Дзяньніцы зірк на небе стух,
Вясковых хат дымяць галовы,
У лапцях з пугаю пастух
Трубою плача на каровы.