Старонка:Выбраныя вершы (Чарот, 1925).pdf/29

Гэта старонка не была вычытаная

ЗАСЬПЯВАЙ БЫЛЬЛЁМ, МЯЖА…

Сьпі, сыночак, вечар блізка —
Мне палоску трэба жаць.
Вецер, гушкай ты калыску,
Засьпявай быльлём мяжа.

Шчэ ня час спачыць ад працы,
Хоць ад поту твар мой змок,
Буду з мілым забаўляцца,
Як зямлю агорне змрок.

Сьпі, саколік, мой прыгожы,
Ой як цяжка, цяжка мне…
Тваёй маме хто паможа,
Што адна палоску жне!

Тата твой ваюе з панам,
Каб няволі больш ня знаць…
Вырасьцеш ты стройным станам —
Пойдзеш сам ў Чырвону Раць.