Гэта старонка была вычытаная
V
Прышлі душакрывы… забралі яго…
Забралі яго і з сабой павялі.
Кляліся навек пазнаёміць з Тайгой,
З студзённым прасторам
Сібірскай зямлі…
… І білі
І строілі кпіны над ім…
І горка так сэрцу рабілася, горка.
Хацелася
Зьдзекі пусьціць іх на дым,
Парваць
і парушыць іх злую гаворку…
І вось пасадзілі…
За белай сьцяной,
Дзе крыўду з маной называлі братамі,
Ён віў
Беларусі любімай вянок,
Ён цьвёрды быў сэрцам, як камень.
Ня доўга яму давялося сядзець…
Зямля аблілася
Крывёю навалаў…
Ў агні захапленьня
І творчых надзей
Народная сіла паўстала.
Ён вышаў на волю…
Эх, воля…
Эх, сьвет, —
Жаданая мара стагодзьдзяў.