Гэта старонка не была вычытаная
А не свабодныя, як мы, сяляне,
Але краіну так-жа шчыра любяць.
Штаўффахер (да абодвух).
Давайце рукі. Той шчаслівы, хто
Ніколі ні ад кога не залежыць,
Але каштоўна ў кожным стане шчырасць.
Конрад Хун.
Вось гэта Рэдынг — наш стары ляндамман[1].
Мейер.
Яго я знаю, ён праціўнік мой,
Мы судзімся з ім за кавалак поля.
Мы, Рэдынг, ворагі перад судом,
Тут за адно мы. (Трасе яго руку).
Штаўффахер.
Сказана удала.
Вінкельрыд.
Вы чуеце? Ідуць! Чуваць рог Уры.
(Справа і злева на скалах з‘яўляюцца ўзброеныя людзі
з паходнямі ў руках).
Маўэр.
Глядзіце. Сам слуга царквы пабожны,
Сам пастар іхны з імі. Не спужаўся
Начной пары і цяжкае дарогі —
Пастух руплівы за людзей ў трывозе.
Баўмгартэн.
Закрыстыян за ім і Вальтэр Фюрст;
Але не бачу паміж іх я Тэля.
- ↑ Выбраны прадстаўнік сялянскай абшчыны.