У адзнаку ад Паўночнага Уралу, параўнаўча высокага, Урал Сярэдні складаецца з нявысокіх узгоркаў і грудоў, да самага верху пакрытых лясамі кедравых хвой, ельніц, мадрын і г. д. Праходы ляжаць тутака на вышыні 300 і меней мэтраў над роўнем мора, так што гэта найніжэйшая частка Уральскага ланцуга ― нібы брама з Эўропы ў Азію, брама, цераз якую з дауных часоў пераходзілі з аднай часткі сьвету ў другую. Нават пракладаньне чыгунак праз Сярэдні Урал не вымагала пракопваньня тунэляў.
Зразумела, што ў Сярэднім Урале нельга спадзявацца знайсьці вечных сьнятоў або ледавіковых струменяў. Нават у ледавіковую эпоху, дзякуючы сухому клімату, тут існаваў параўнауча тонкі лёдавы насьціл, і ледавіковы навал тут ня кідаецца ў вочы.
Сухі, контынэнтавы клімат пануе й цяпер у гэтай краіне. Уплывы Гольфштрому адчуваюцца тут вельмі слаба, і сярэдняя тэмпэратура году тут ніжай, як у іншых месцах Эўропы, што ляжаць на тэй самай шырыні. Зіма вельмі сьцюдзёная, лета гарачае, але часамі нават у летнія ночы здараюцца маразы. Садовіна тут расьці ня можа, дый збожжа часамі церпіць ад недахвату цяплыні. Глебы тут падзольныя, неураджайныя; толькі на крайнім поўдні сустракаецца чорназем. З гэтай прычыны на поўдні чалавек расьцерабіў лясы, займаецца ральніцтвам і задавальняе збожжам усю краіну. На поўначы ральніцтва дае мала карысьці: там захавалася многа лясоў, а сяляне побач з ральніцтвам займаюцца ляснымі промысламі, валяць і сплаўляюць па рэках дрэва, гоняць смалу, выпальваюць дрэўны вугаль. Але большую карысьць даюць мінэральныя багацьці краіны. Паўсюды, асабліва-ж на ўсходніх схилах, тысячы працоўных людзей капаюць жалезную руду, працуюць на фабрыках, гутах, гісэрнях. Даўней па колькасьці здабыванага железа крайна займала першае месца ўва ўсходняй Эўропе. Цяпер Урал застаўся з гэтага боку ззаду украінскай Крывароскай акругі, але й цяпер тут існуе буйная жалезаапрацоўчая прамыслонасьць. Каменны вугаль здабываюць абапал ланцуга, і хаця яго тут ня дужа многа, але ён грае важную ролю, як апал для тутэйшых гут і фабрык. Так званыя, старацелі саматугам здабываюць золата і влятыну. Гэта дробныя прамыслоўцы, якія шукаюць дарагіх мэталаў на скарбовай зямлі і здабытак аддаюць за грошы прадстаўнікам ураду.
Лежачы на межах Эўропы і Азіі, маючы шмат выгодных праходаў, Сярэдні Урал мае вялікую гандлёвую вагу. З Маскоўшчыны па Каме, з Сібіру па прытоках Обі, адусюль па чыгунках сюды вязуць сырыну, крамніну, збожжа, адгэтуль ува усе бакі вывозіцца сталь, чыгун, бляха, іншыя жалезныя вырабы і асабліва зброя.
Першапачатковыя насельнікі краіны-пермякі, якія разам з зыранамі і вацякамі належаць да прыуральскіх фінаў, захаваліся толькі у невялікім ліку ў вадазборы Камы, значная частка іх зусім аславянілася, і пакрысе іх выціскаюць вялікарусы, якія паўсюды складаюць большасьць і уладаюць бязмаль усёй зямлёй, усімі капальнямі, руднямі, гутамі.