Ня гледзячы на вялікую розьніцу ў прыродзе і на значную розьніцу у люднасьці, Паўднёвая Маскоўшчына аднак становіць адно цэлае з Маскоўшчынай Паўночнай. Тлумачыцца гэтае адзінства Маскоўшчыны галоўным чынам яе рэчнай сецьцю. Таксама, як ядро Паўночнай Маскоўшчыны Окска-Волскае міжарэчча абвадняецца Волгай і яе прытокамі, гэтак і большая частка Паўднёвай Маскоўшчыны ляжыць у Волскім вадазборы. Як Дняпро лічыцца нацыянальнай ракой украінцаў і беларусоў, як Вісла зьяўляецца нацыянальнай ракой Польшчы, гэтак Волга ёсьць галоўнай жылай Маскоўшчыны. Волга дапамагла Маскоўшчыне злучыцца ў адну вялікую дзяржаўную адзінку; па волскіх прытоках і па Волзе кіравалася маскоўская колёнізацыя далёкіх ускрайкаў, асаблівасьці Волскага вадазбору, злучанага ня з морам, а з Касьпійскім возерам і адрэзанага нават ад гэтага возера Прыкасьпійскай пустыняй, грабілі Маскоўшчыну замкнутай сухаземнай дзяржавай, якая доўга ніяк не магла прабіцца да патрэбных ёй морскіх прыстаняй. Да Паўднёвай Маскоўшчыны належыць толькі сярэдняе цячэньне Волгі ад сутокі яе з Акой да царыцыну. На ўсім працягу гэтай часткі свайго цячэньня Волга цячэ між высокім і зрывістым правым берагам і нізінным лугавым берагам левым, заўсёды точыць і размывае правы бераг і адступае ад левага.
- Гэтая ўласьцівасьць усіх рэк паўночнай паўкулі тлумачыцца вярчэньнем зямлі навокала сваей восі.
(Пералічы, якія рэкі Волскага вадазбору працякаюць па Паўднёвай Маскоўшчыне. Якія яшчэ рэкі пачынаюцца ў гэтай старонцы?).
Паўднёвую Маскоўшчыну можна падзяліць на 4 краіны: 1) чыста вялікарускую Паўднёва-Заходнюю Маскоўшчыну, 2) Прыволскае ўзвышша, 3) Заволжа і 4) Казаншчыну на паўночным усходзе.
Паўднёва-Заходняя Маскоўшчына ляжыць у вадазборы вышняй і сярэдняй Акі, пераважна па правым беразе гэтай ракі. Заходняя частка гэтай краіны належыць да Сярэдня-Рускага ўзвышша і становіць вадападзел Дняпра, Дону і Волгі. Тут пачынаецца Сэйм, галоўная прытока Дзясны, Дон, Ака. (Якія яшчэ рэкі цякуць па заходняй частцы краіны?). На усход ад вышнявіны Дону паверхня зьніжаецца і пераходзіць у ОкскаДонскую нізіну.
Клімат краіны сухі, але ападкаў тут выліваецца болей, як у іншых краінах Паўднёвай Маскоўшчыны, а сухмені бываюць радзей. Лясоў тут захавалася болей, асабліва каля рэк. Глеба пераважна чорназемная толькі па ўзьбярэжжах Акі пераходзіць у падзольную і пескавую.
Славяне тут асталяваліся раней, чымся ў іншых краінах Маскоўшчыны. Першапачатковыя насельнікі ― фіны ― тут зусім зьліліся з славянамі; татарскія ўплывы таксама тут адчуваюцца слабей, як на ўсходзе Паўднёвай Маскоўшчыны.