ра. Былы уласьнік гэтага маёнтку—Фальцфэйн—зрабіў там зьвярынец, у якім жывуць, як мясцовыя, гэтак і заморскія жывёлы, прывезеныя з далёкіх краёў. Як нашая Белавеская пушча, Асканія-Нова можа лічыцца "нацыянальным паркам" Украіны.
У залежнасьці ад асаблівасьцяй стэпавай расьліннасьці, паўночная частка краіны пакрыта ўрадлівай чорназемнай глебай (з 6-10% перагною). Бліжэй да мора — чорназем сьвятлейшы (так званы чакалядавы з 4-6% перагною), а месцам яго замяняюць бурыя глебы (з 2-4% перагною).
- Першапачатковымі насельнікамі краіны былі розныя вандроўнікі, што надыходзілі сюды з Азіі, займаліся тут гадоўляй жывёлы і рабавалі суседніх аселых славянаў. Ад гэтых вандроўнікаў захаваліся да гэтага часу толькі могілкі-курганы, у якіх часамі знаходзяць багатыя акрасы і розныя прылады, пахованыя разам з нябожчыкамі. Праўда, ужо ў ІX в. сюды надыходзілі аселыя славяне, але кожны раз іх зганялі адгэтуль вандроўныя пляменьні (вугры, торкі, печанегі, куманы, аланы, хазары, гуны, полаўцы, нарэшце татары), якія адціскалі іх ад мора. У XVІ в. сюды зноў пачалі надыходзіць украінскія колёністыя-казакі, якія залажылі тут на востраве на Дняпры "Запароскую Сеч“, пачалі змагацца з крымскімі татарамі і пакрысе адваёўвалі стэп. Аднак, да ХVІІІ в. край заставаўся вельмі малалюдным. Маскоўскі ўрад, заўладаўшы Паўднёвай Украінай, прапанаваў тут сяліцца сэрбам з Аўстрыі, Вугоршчыны і даўнай Турэччыны, немцам, балгарам, маскоўцам. Аднак, у яшчэ большай колькасьці сюды надышлі ўкраінцы. Сэрбы хутка ўкраінізаваліся, і ў сучасны момант украінцы рашуча пераважваюць у краіне. Апроч іх, па асобных колёніях тут жыве некалькі сот тысяч немцаў, якія добра забясьпечаны зямлёй, карыстаюцца найлепшымі сельска-гаспадарчымі прыладамі і жывуць значна багацей за ўкраінцаў.
Спачатку асновай багацьця Паўднёвай Украіны была гадоўля жывёлы. Зямлю апрацоўвалі пад засевы збожжа толькі для ўласных патрэб. Большая частка стэпаў была пашай для быдла, авечак і коняй. Амальшто кожны гаспадар меў па некалькі дзесяткаў кароў і па колькі сот авечак. У канцы мінулага веку гушчыня залюдненьня ў краіне значна павялічылася, і гадоўля жывёлы пачала замяняцца ральніцтвам. Ня гледзячы на недахват вільгаці, зямля давала добрыя ўраджаі, і ральніцтва аказалася выгаднейшым за гадоўлю жывёлы. Зямельнай цеснасьці яшчэ не адчувалася, кожны меу па некалькі дзесяткаў дзесяцін і, каб лягчэй скарыстаць свае зямельныя багацьці, ужываў найлепшыя сельска-гаспадарчыя машыны; цяжкія, вялікія плугі, сеялкі, жнейкі, касілкі і г. д. Спосабы ральніцтва аднак былі яшчэ старыя. На палёх сеялі пшаніцу кожны год, не даючы зямлі адпачынку, пакуль яна давала хоць якую-колеча карысьць. Потым кідалі поле пад дзірван і на палёх пасьвілі авечкі да таго часу, пакуль там зноў не зьяўляўся кавыль; тады зноў засявалі поле пшаніцай. Толькі ў апошнія часы такі дзірванны або аблогавы спосаб ральніцтва замяніўся трохпалёўкай.