чыце, што ён кажа іменна так, як, ва ўяўленьні ангельца, павінен казаць кожны амэрыканец. Яго лічылі за „чыстакрэўнага“. Сам інстынкт падказвае і мне ўжываць амэрыканскія выразы, калі я з маімі ангельскімі сябрамі. Я адчуваю, што яны ніколі інакш не зразумелі-б, што і я — янкі. Але з вамі вось у мяне не такія адносіны, таму дайце мне тут пераканаць вас, што вы ня знойдзеце другой мовы, апроч самай чыстай оксфордзкай, у лісьце, які я цяпер пасылаю вам.
Вы спатыкалі Маракота і ведаеце, які сухар гэты чалавек. Я, здаецца, казаў вам, як ён наляцеў на мяне, каб прыцягнуць мяне да гэтае справы. Ён выпытаў усё ў старога Сомэрвіля ў Зоолёгічным Інстытуце. Той паслаў яму маю дыплёмную працу аб акіянскіх крабах, і гэта вырашыла ўсё. Зразумела, вельмі добра падарожнічаць з мэтамі, якія так адпавядаюць майму густу, але я хацеў-бы падарожнічаць не з такой ажыўленай муміяй, як Маракот. Ён зусім непадобны да чалавека сваёй самотнасьцю і адданасьцю працы. „Самае жорсткае, што ёсьць жорсткага ў гэтым сьвеце“, — так кажа пра яго Біль Сканлан. І ўсё-ткі мы ня можам не захапляцца такой адданасьцю працы. Для яго нічога ня існуе апроч навукі. Я памятаю, што вы сьмяяліся, калі я запытаў яго, што мне чытаць, каб падрыхтавацца, і ён сказаў, што для сур’ёзнага выўчэньня мне трэба прачытаць поўнае выданьне яго прац, а для адпачынку — „Plankton studіen“ Гекеля.