ламалі шкілет карабля і здымалі ўсё, што магло прыдацца ім. Гэта надта вялікая праца, наўрад ці скончаная і цяпер. Мы таксама рады былі зайсьці ў нашы каюты і ўзяць шмат чаго з вопраткі і кнігі, якія ня былі яшчэ зусім папсаваны.
Паміж рэчаў, знойдзеных на „Стратфордзе“, быў судовы журнал, які пісаў капітан да апошняга дня і дзе была запісана і наша катастрофа. Як дзіўна было чытаць гэта і ведаць, што капітан ужо няжывы.
Вось якім чынам мы атрымалі апошнюю вестку аб нашых таварышох.
Калі мы ішлі дахаты, з намі здарылася прыгода, якая паказала нам нечаканыя небясьпекі, якімі абкружаны гэтыя падводныя людзі. Мы зразумелі разам з тым, чаму лік гэтых людзей ня большы, чым быў раней, ня гледзячы на прайшоўшыя сталецьці. Разам з нявольнікамі грэкаў, можна лічыць, што агульны лік іх ня больш, як чатыры — пяць тысяч.
Мы сышлі па сходках і пашлі каля джунгляў. Тымчасам Мэнда ўсхвалявана паказаў наверх і пачаў энэргічна клікаць на мігі аднаго з нашых падарожнікаў, які быў на пэўнай адлегласьці ад нас на адкрытай раўніне. І адразу ён сам і акружаўшыя яго пабеглі ў кірунку да высокіх скал і пацягнулі нас за сабой.
Мы ўбачылі прычыну пярэпалаху толькі тады, калі апынуліся пад абаронай гэтых скал. У пэўнай адлегласьці над намі, але шпарка падаючы, плыла