вялізная рыба вельмі дзіўнай формы. Нібы плыла наўзьдзіў казачная пярына, мяккая і пышная, з белай ніжняй часткай і доўгай чырвонай пасачкай, хістаньні якой і пасувалі яе ў вадзе. Здавалася, што ў яе ня было ні роту, ні вачэй, але яна хутка паказала свой вялікі спрыт. Член нашай кампаніі, што быў на адкрытай раўніне, пабег пад тую самую заслону, што і мы, але спазьніўся. Я ўбачыў, як страх скрывіў яго твар, калі ён зразумеў свой лёс. Страшная істота падала на яго, абвалакла яго з ўсіх бакоў, ляжала на ім і жахліва пульсавала. Нібы цела яе кідалася а каралевыя скалы і разьбівалася на кавалкі. Трагедыя адбывалася ў некалькіх ярдах ад нас і ўсё-ткі нашы падарожнікі былі так зьбянтэжаны нечаканасьцю ўсяго гэтага, што здавалася, страцілі ўсякую здольнасьць дзейнічаць.
Тут выскачыў наперад Сканлан, скокнуў на шырокую сьпіну жудаснай істоты, з прыгожымі чырвонымі цьмянымі плямамі і ўваткнуў востры канец свайго мэталёвага кія ў мяккую тканку яе цела.
Я кінуўся памагаць Сканлану і, урэшце, Маракот і ўсе іншыя рынуліся на страшыдла, якое паволі паплыло ўбок, пакідаючы за сабою ліпучы алеевы сьлед. Наша дапамога ўсё-ткі спазьнілася, бо цяжар вялізнай рыбы зламаў шкляны каптур атлянтыда і ён утапіўся. Гэта быў жалобны дзень, калі мы панесьлі яго цела назад, але гэта быў для нас таксама і дзень урачыстасьці, бо наша дамысьлівасьць вельмі павысіла нас у вачох нашых падарожнікаў.