Яшчэ да таго, як мы адплылі, пра нас гаварылі, як пра таемны карабель, і я хутка пераканаўся, што для гэтага былі падставы. Нашыя першыя крокі былі зусім звычайныя. Мы прыплылі ў Паўночнае мора закінулі разы два нашыя невады, але таму, што сярэдняя глыбіня была крыху больш за 60 футаў, а карабель наш прызначаўся для работы на вельмі вялікіх морскіх глыбінях, дык нам гэта здалося марнаваньнем часу. Ва ўсякім выпадку, апрача звычайнай рыбы для стала, акулы, мэдуз і некаторых іншых адкладаў дна — звычайнай алювіяльнай гліністай гразі, мы нічога не даставалі такога, аб чым варта было-б пісаць дахаты. Потым мы аб’ехалі Шотляндыю і накіраваліся на поўдзень, туды, дзе і цяпер езьдзім, паміж Афрыканскім контынэнтам і Канарскімі выспамі. Адзін раз у цёмную ноч мы ледзь ня селі на мель у Фуэрт-Эвэнтура, але, за выключэньнем гэтага, наша падарож прайшла бяз жадных прыгод.
На працягу гэтых першых тыдняў я спрабаваў падыйсьці да Маракота, але гэта было ня так проста. Перш за ўсё — ён самы заняты і няўважны чалавек у сьвеце. Прыпамятайце, як вы засьмяяліся, калі ён даў хлапцу каля пад’ёмнай машыны пені, пераконаны ў тым, што ён у аўтобусе.
Палову часу ён зусім заняты сваімі думкамі, і наўрад ці заўважае, дзе ён знаходзіцца і што ён робіць.
Падругое, ён скрытны да крайнасьці. Ён заўсёды працуе над нейкімі паперамі і картамі, але адразу-ж