хавае іх, калі я зайду да яго ў каюту. Я цьвёрда пераконаны, што ў гэтага чалавека ў галаве нейкі сакрэтны плян, і, пакуль нам яшчэ трэба заехаць у які-небудзь порт, ён будзе старанна ўтойваць гэта. Вось уражаньне, якое я атрымаў, і вышла, што і Біль Сканлан мае тую самую думку.
— Скажэце, містэр Хэдлей, — зьвярнуўся ён да мяне нейк вечарам, калі я сядзеў у лябораторыі, дасьледуючы ступень насычанасьці соляй спроб, узятых намі ў часе нашых гідрографічных дасьледзін глыбінь, — як вы сабе думаеце, што думае гэты галубок? Як вы думаеце, што ён думае рабіць?
— Я думаю, — сказаў я, — мы будзем рабіць тое самае, што да нас рабілі „Чэленджэр“ і тузін другіх спэцыяльных караблёў, і дадамо яшчэ некалькі ўзораў да сьпісу рыб ды яшчэ колькі значкоў на карту вымераў глыбіні мора.
— Нічога падобнага, — сказаў ён. — Калі гэта ваша думка, то вам прыдзецца адгадваць яшчэ раз. Перш за ўсё, — чаго я тут?
— На выпадак, калі што здарыцца з машынамі, — сказаў я.
— Машыны — глупства. Карабельныя машыны пад наглядам Макла-Рэна, інжынэра-шотляндца. Не, сэр, не для таго, каб рухаць донкай, прыслалі з Мэрыбэнксу такога вялікага спэцыялістага, як я. Недарма мне за тыдзень даюць пяцьдзесят монэт. Пойдзем да мяне і я вам нешта скажу.