шкодзіць і нам. Гэта пашырэньне практыкі братоў Вільямсон у Насаў, з якім вы, бясспрэчна, знаёмы. Калі я разьлічыў няправільна… дык што-ж, вы кажаце, што нікому не дапамагаеце. Мы памром у імя адважнай справы. Зразумела, калі вы надумаецеся ўхіліцца, я паеду адзін.
Гэта быў вар’яцкі плян, і я пачаў абмяркоўваць яго.
— Як глыбака думаеце вы спусьціцца, сэр, — запытаў я.
На стале яго ляжала карта, і ён компасам паказаў на кропку, што знаходзіцца на паўднёвы захад ад Канарскіх выспаў.
— Летась я вымяраў глыбіні гэтых месц, — сказаў ён. — Там ёсьць яміна вялікай глыбіні. Тады мы намерылі дваццаць пяць футаў. Я першы аб гэтым паведаміў. Сапраўды, я спадзяюся, што на картах будучыні вы знойдзеце глыбіню „Маракота“.
— Але, мілы божа, сэр, — гукнуў я, — ці ня думаеце вы спусьціцца ў такую багну?
— Не, не, — адказаў ён і засьмяяўся, — ні нашых ланцугоў для спуску, ні труб для паветра ня хопіць больш, як на поўмілі. Але я хацеў вам растлумачыць, што вакол гэтай яміны, якая, бясспрэчна, была ўтворана шмат гадоў таму назад вульканічнымі сіламі, ёсьць высокі хрыбет ці вузкае плято, якое знаходзіцца ня глыбей чым трыста сажняў пад паверхняй мора.
— Трыста сажняў. Траціна мілі!