маленькіх стварэньняў сьпяшалася па сваёй справе і само сьвяціла сабе па дарозе, як таксамоторы ўночы ў часе тэатраў на Стрэндзе ў Лёндоне. Хутка мы зноў запалілі наш уласны сьвет, і доктар пачаў наглядаць морскае дно.
— Ня гледзячы на тое, што мы на такой глыбіні, мы яшчэ ня зусім нізка спусьціліся, каб наглядаць сякія-такія характарныя адклады морскага дна, — сказаў Маракот. — Мы да іх дайсьці ня можам. Мо’, другі раз, з больш доўгім ланцугом…
— Кіньце гэта, — сказаў Біль, — ня думайце пра гэта.
Маракот засьмяяўся.
— Вы хутка акліматызуецеся ў глыбінях, Сканлан. Гэта будзе не апошняя падарож на дно акіяну.
— Што яшчэ скажаце! — праказаў Біль.
— Для вас гэта будзе так-жа проста, як апускацца ў трум „Стратфорду“. Зьвярнеце ўвагу, містэр Хэдлей, што глеба тут, наколькі мы можам бачыць праз густыя вадаросты і крамнёвыя губкі, складаецца з пэмзы і чорнае базальтовае жужлы, што сьведчыць аб старажытнай, плютонічнай дзейнасьці. Я нават схіляюся да думкі, — і гэта сьцьвярджае мой даўнейшы погляд, — што гэтая скала — частка вульканічнага ўтварэньня, і што „Глыбіня Маракота“, — ён сказаў гэтыя словы паволі, бы ўкаханы ў іх, — знаходзіцца за схілам гэтай гары. Мне прышло ў галаву, што было-б вельмі цікава, каб пасунуць нашую клетку далей да берагу гэтай глыбіні і ўбачыць, якая ў гэтым месцы глеба. Я