Ён нічога ня можа нам зрабіць, — сказаў Маракот, але ў голасе яго было менш пэўнасьці. — Трэ' было-б скінуць гэтага зьвера. — Ён крыкнуў капітану па тэлефону: — Паднімеце нас футаў на дваццаць або трыццаць. — Некалькі сэкунд счакаўшы мы падняліся з вульканічнай нізіны і ціханька закалыхаліся ў вадзе. Але страшная жывёліна была ўпартая. Пасьля вельмі кароткага перапынку мы зноў пачулі скрабаньне яе вусоў і рэзкія ўдары яе клюшняў, калі яна мацала клетку. Жудаснае адчуваньне-ціха сядзець у цемры і ведаць, што сьмерць такая блізкая. Ці вытрымае вакно, калі па ім стукне гэтая магутная клюшня. Аб гэтым думаў кожны.
Але раптам новая нечаканасьць і сапраўдная небясьпека — жывёла пачала стукаць зьверху нашага пакою, і мы цяпер пачалі рытмічна хістацца ўзад і ўперад.
— Божа ласкавы, — гукнуў я, — ён схапіўся за канат. Ён канечна парве яго.
— Паслухайце, доктар, я за тое, каб падняцца на верх. Думаю, што мы бачылі тое, што хацелі тут бачыць, і Білю Сканлану давай цяпер хату, родную хату. Загадайце па тэлефону, каб нас паднялі!
— Але нашая праца скончана толькі напалавіну, — зазлаваў Маракот. — Мы яшчэ толькі пачалі дасьледваць берагі глыбіні. Паглядзімо хоць-бы яе шырыню. Я гатоў буду вярнуцца, калі мы дасягнем другога яе берагу. — Потым у трубку: — усё добра, капітан. Рухайце нас са скорасьцю два ўзлы, пакуль я ня