Я пазнаў гэта, калі за сьнеданьнем еў мёд. Гэта, бясспрэчна, быў сынтэтычны мёд, такі, які мы ўжо наўчыліся рабіць на зямлі. Але калі штучны мёд, то чаму ня штучная кава, ня мука. Молекулі элемэнтаў падобны да цэглы, і цэгліны гэтыя ляжаць вакол нас. Мы павінны толькі наўчыцца, як даставаць пэўныя цэгліны, — іншы раз толькі адну цэгліну, — для таго, каб зрабіць новую рэч. Цукар ператвараецца ў крухмаль або робіцца алькоголем — проста ператасоўкай цэгліны. Што-ж тасуе іх? Цяплыня. Электрычнасьць. Мабыць, яшчэ што іншае, пра што мы нічога ня ведаем. Некаторыя з іх тасуюцца самі, і рады ператвараецца ў волава або ўран ператвараецца ў рады без таго, каб мы дакраналіся да іх.
— Дык вы думаеце, што яны дасягнулі вялікіх посьпехаў у хэміі?
— Я пераконаны ў гэтым. Урэшце, няма такое цэгліны элемэнтаў, якая ня была-б у іх каля рук. Вадарод і тлен лёгка здабываюцца з морскай вады. У гэтых вялізных колькасьцях морскай расьліннасьці ёсьць азот і вуглярод, а ў морскіх адкладах ёсьць фосфар і кальцы. Чаго толькі нельга зрабіць пры ўменьні і адпаведных ведах.
Профэсар захапіўся чытаньнем лекцыі пра хэмію, калі адчыніліся дзьверы і, патаварыску вітаючы нас, зайшоў Мэнда. З ім прышоў і той самы пажылы чалавек, якога мы бачылі ўвечары. Мабыць, ён быў вядомы сваёю навукай, бо ён спрабаваў колькі ра-