фактычная аснова, нават калі яна з цягам часу скажаецца. Вы ведаеце, — або напэўна вы ня ведаеце („Вашая праўда“ — голас Сканлана), — што ў часе гібелі вялізнага вострава паміж старажытнымі грэкамі і атлянтамі была вайна. Пра гэта піша Солён у тым месцы, дзе ён кажа аб тым, што ён даведаўся ад жрацоў Саіса. Мы можам дапусьціць, што ў той час у руках атлянтаў былі грэцкія палонныя, што некаторыя з іх служылі пры царкве і што яны прынесьлі з сабою сваю ўласную рэлігію. Наколькі я мог зразумець, гэты чалавек — стары жрэц, якому гэты абавязак перайшоў у спадчыну, і, мабыць, калі мы даведаемся больш, то бліжэй пазнаёмімся з гэтым старажытным народам.
— Так, я лічу, што яны былі людзі кемкія, — сказаў Сканлан. — Памойму, калі ўжо вам патрэбен бог з вапны, то лепей, каб гэта была прыгожая жанчына, чым такі разбойнік з чырвонымі вачыма і з тушылкай для вугалёў на каленях.
— Ваша шчасьце, што яны ня могуць зразумець вашых поглядаў, — сказаў я. — Інакш вы маглі-б скончыць, як хрысьціянскі мучальнік.
— Пакуль я магу граць ім джас, мне няма чаго баяцца, — адказаў ён. — Мне здаецца, што яны цяпер прызвычаіліся да мяне і не маглі-б абыйсьціся без мяне.
Нашы гаспадары, даўшыя нам прытулак, былі добрымі людзьмі, і нам было добра, але былі і бываюць часы, калі ўсім сэрцам імкнешся да роднага